Фота МНС

Фота МНС

Учора ўвечары на Убарэвіча работнікі ясляў-сада выявілі на ганку пітона. Яго адлавілі супрацоўнікі МНС і перадалі ў заапарк. Як стала вядома Tut.by, сёння раніцай гаспадар забраў пітона.

У яслях-садзе № 292 пасля сёмай вечара заставаліся працаваць толькі загадчыца і вартаўнік, дзяцей бацькі ўжо да гэтага часу забралі. У 19.30 вартаўнік абыходзіў тэрыторыю садка і заўважыў, як дарогу ў напрамку ясляў перапаўзае пітон. Тады загадчыца выклікала МНС.

— Ён жа не агрэсіўны. У нас ніхто не панікаваў. Выйшлі на вуліцу, пачакалі пакуль прыедзе МНС, паглядзелі на пітона. Яго забралі ратавальнікі, мы не сыходзілі з тэрыторыі, пакуль яго не забралі. Ніхто б з навакольных дамоў не звярнуў увагі, пакуль не прыехала машына МНС, — распавядае загадчыца садам Ніна Пятроўна.

Ніна Пятроўна кажа, што паставілася да сітуацыі спакойна, усё ж такі гэта не ядавітая змяя. Сёння ні ў супрацоўнікаў, ні ў бацькоў занепакоенасці не было — дзеці пітона не бачылі.

— Пітон ідзе на голас. Відаць, што ён свойскі. Я з ім размаўляла на вуліцы на тэрыторыі сада, ён адразу ішоў да мяне, — распавяла жанчына.

Забраўшы пітона з саду, работнікі МНС перадалі яго на ператрымку ў заапарк і паведамілі аб пошуку гаспадароў. Як высветлілася, рэптыліі каля 5 гадоў. Даўжыня змяі - 4 метры, а важыць яна 8 кг.

Як нам паведаміла работнік заапарка Аляўціна Цімашкова-Красоўская, сёння раніцай пітона забраў малады мужчына «прыемнага выгляду».

— Сказалі, што было адкрыта акно на праветрыванне і ён проста выпаў. Хутчэй за ўсё, кватэра на ніжніх паверхах. Пітон, праўда, вельмі спакойны і далікатны, як кошка. Мяркуючы па тым, дзе поўз пітон, яны жывуць недалёка ад садка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0