Першым намеснікам міністра культуры стала Наталля Карчэўская.

Да гэтага яна працавала першым прарэктарам Універсітэта культуры.

У гэтай навіне больш звяртае на сябе ўвагу той факт, што пасады пазбавілася Ірына Дрыга. Чыноўніца прыйшла ў Міністэрства культуры з ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта.

Ірына Дрыга. Фота «Мінск-новості».

Ірына Дрыга. Фота «Мінск-новості».

«Трэба сачыць i за iдэалагiчным зместам вучэбнай лiтаратуры, — заявіла яна ў інтэрв'ю «Звяздзе». — У якасцi прыкладу можна прывесцi падручнiк па грамадазнаўстве, прызначаны для вучняў 9-х i 10-х класаў. Напрыклад, раздзел пра палiтычных лiдараў суправаджае фатаграфiя кiраўнiкоў дзяржаў «вялiкай васьмёркi». Але цi патрэбна нашым дзецям ведаць у твар кiраўнiкоў Iндыi або Бразiлii?

Цi не лепш было змясцiць фатаграфiю прэзiдэнта Беларусі з кiраўнiкамi краiн СНД?» — казала яна.

У Міністэрстве культуры яна таксама адказвала за ідэалогію. Напрыклад, Дрыга адмаўляла ў выступах гродзенскаму гурту «Дзецюкі». Пасля выхаду фільма «Мы, браты», які праваліўся ў пракаце, Дрыга сказала: «Нельга сказаць, што фільм не спадабаўся беларускаму гледачу».

Адзначылася Ірына Дрыга і ў гісторыі з Курапатамі. Менавіта яна ў 2014 годзе ад імя Міністэрства культуры падпісала дакумент, які змяняў межы ахоўнай зоны ва ўрочышчы. Гэта і дазволіла пабудаваць скандальны рэстаран «Паедзем паядзім».

Летась сацыял-дэмакраты ініцыявалі ўсталяванне ў Мінску шыльды ў гонар правядзення Першага ўсебеларускага з’езду, аднак Дрыга ў адказе ад імя Міністэрства адмовіла ў гэтым.

Ірына Дрыга нарадзілася ў 1970 годзе. Яна кандыдат педагагічных навук, бібліёграф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?