Ірына Акуловіч. © Photo: ТРК «Магілёў»
Гендырэктар БелТА Ірына Акуловіч падчас сустрэчы з намеснікам старшыні ГА «БАЖ» Барысам Гарэцкім выказала разуменне пазіцыі БАЖ, што канфрантацыя паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі медыя не патрэбная нікому. Аднак Акуловіч мае намер дачакацца завяршэння следства па «справе БелТА», паведамляе baj.by.
Барыс Гарэцкі сустрэўся з Ірынай Акуловіч, каб данесці пазіцыю, што канфрантацыя ў журналісцкай супольнасці не патрэбная нікому з бакоў. ГА «БАЖ» шмат год спрабавала наладзіць дыялог паміж журналістамі дзяржаўных і недзяржаўных медыя, а «справа БелТА» супраць незалежных журналістаў у адзін момант гэта перакрэсліла.
Да таго ж «справа БелТА» нанесла вялікія іміджавыя страты акурат інфармагенцтву БелТА і ўладам, а не недзяржаўным медыя, мяркуюць у Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Гарэцкі нагадаў, што ў межах Крымінальнага кодэкса ў БелТА ёсць магчымасці прымірэння бакоў. У такім выпадку крымінальная справа можа не дайсці да суду. Намеснік старшыні ГА «БАЖ» лічыць, што гэта адзін з магчымых добрых крокаў для вырашэння канфлікту. І цяпер многае залежыць менавіта ад дзяржаўнага інфармагенцтва.
Ірына Акуловіч у сваю чаргу заявіла, што разумее сітуацыю. Аднак не будзе рабіць нейкіх крокаў, пакуль не завершыцца следства.
Таксама Акуловіч заявіла, што не лічыць гэтую справу палітычна матываванай, на яе думку, гэта — справа аб паролях і незаконным доступе. І яна, як кіраўнік БелТА, абараняе сваіх падпісчыкаў.
— Ірыне Акуловіч наша пазіцыя зразумелая. Але яшчэ больш важна, каб чытачы недзяржаўных медыя зразумелі адну простую рэчы. Пакуль мы — грамадства — не станем на абарону медыя, дзяржава зможа рабіць з імі ўсё, што пажадае.
Пакуль мы лічым, што свабодныя медыя самі павінны прабіваць сабе дарогу, а мы — толькі спажыўцы, нічога змяняцца не будзе.
Калі ж мы падтрымаем журналістаў, якіх чытаем, падтрымаем рэдакцыі, станем на іх абарону, сітуацыя пачне змяняцца, — лічыць Барыс Гарэцкі і заклікае ўсіх далучацца да акцыі «Станем за журналістаў!».