Стварэнне аўтакефальнай праваслаўнай царквы ва Украіне з'яўляецца палітычным праектам, мэта якога — падзяліць народы Расіі і Украіны, заявіў Уладзімір Пуцін у інтэрв'ю сербскаму выданню «Вячэрнія навіны». Тэкст інтэрв'ю апублікаваны на сайце Крамля.

Падпісанне томаса патрыярхам Варфаламеем ён назваў спробай «легалізаваць пад юрысдыкцыяй Стамбула існуючыя ва Украіне раскольніцкія абшчыны, што з'яўляецца грубым парушэннем праваслаўных канонаў».

«Зрэшты, гэта мала каго хвалюе і ў кіраўніцтве Украіны, і ў ЗША, паколькі новая царкоўная структура ёсьць выключна палітычным, свецкім праектам. Яго галоўная мэта — падзяліць народы Расіі і Украіны, пасеяць не толькі нацыянальную, але рэлігійную варожасць. Невыпадкова ў Кіеве ўжо заявілі аб «канчатковым набыцці незалежнасці ад Масквы», - сказаў прэзідэнт Расіі.

На думку Пуціна, гаворка ў дадзеным выпадку не ідзе пра духоўнае жыццё. «Мы маем справу з небяспечным і безадказным палітыканствам. Гэтак жа як няма размовы і пра самастойнасць Праваслаўнай царквы Украіны. На справе яна цалкам падкантрольная Стамбулу», — сказаў на заканчэнне Пуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0