Рэдакцыя папулярнага на Гарадзеншчыне незалежнага выдання «Газеты Слонімскай» дагэтуль не атрымала адказу пра магчымасць вяртання ў дзяржаўную сістэму распаўсюду. «Я двойчы дасылаў паперы ў абласныя арганізацыі «Белпошты» і «Белсюздруку», у Мінск — першы раз у верасні, другі — пасля таго, як у распаўсюд вярнулі «Народную волю» і «Нашу Ніву». Але адказ прыйшоў толькі з рэспубліканскага аддзялення «Белпошты» — там нам адмовілі. Астатнія пакуль не адгукнуліся пісьмова» — распавёў галоўны рэдактар «ГС» Віктар Валадашчук. Па яго словах, ён таксама тэлефанаваў у тыя арганізацыі.

«Паўсюль кажуць, што нічога супраць не маюць, каб супрацоўнічаць, прыгадваюць, што мелі ад нас неблагі прыбытак. Так, у слонімскіх шапіках прадавалася больш за тысячу асобнікаў газеты. Але і «Белпошта», і «Белсюздрук» кажуць, што пытанне нашага вяртання залежыць не ад іх.
Сп. Валадашчук тэлефанаваў у абласное ўпраўленне ідэалогіі: «Там таксама не супраць, але кажуць, што такія пытанні рэдакцыя мусіць высвятляць наўпрост з арганізацыямі распаўсюду — «Белпоштай» і «Белсюздрукам». Карацей, ходзім па зачараваным коле».

З пачатку 2006 г. газета даходзіць да чытачоў дзякуючы незалежным распаўсюднікам, а таксама праз рэдакцыйную падпіску. Супрацоўнікі рэдакцыі выязджаюць у рэгіёны і ладзяць падпіску на месцах. «Газету Слонімскую» чытаюць не толькі ў Слонімскім, але і ў Дзятлаўскім, Зельвенскім, Мастоўскім, Ваўкавыскім раёнах Гарадзеншчыны.

На тэрыторыі распаўсюджвання газеты пражывае каля 250 тысяч чалавек. Наклад «ГС» складае 6,5 тысяч асобнікаў. Акрамя таго рэдакцыя выдае чатырохтысячным накладам газету «Отдушина».

«Газета Слонімская» — найстарэйшае незалежнае перыядычнае выданне ў Слоніме, заснаванае 25 снежня 1938 г. беларускім паэтам Сяргеем Новікам-Пеюном і ягонай жонкай Людмілай. Газета выходзіла па-польску, бо дазвол рабіць беларускае выданне Новікі не атрымалі ад уладаў. На пачатку 1939 г. выдавец «ГС» быў арыштаваны, а выданне спыніла існаванне.

«Газета Слонімская» была адноўленая 24 красавіка 1997 г. як грамадска-палітычнае незалежнае выданне. Яе заснавальнікам і галоўным рэдактарам з’яўляецца Віктар Валадашчук. Мова выдання — беларуская і расейская.

Сямён Печанко

Глядзі таксама:
«Бабруйскі кур’ер» можа з’явіцца ў шапіках да канца году

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0