Гэтага варыянту не выключае прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс.

Ён заявіў, што інфармацыя пра планы Беларусі, Польшчы і Расеі будаваць свае АЭС вакол Літвы можа быць усяго толькі камерцыйнай гульнёй.

«Усе гэтыя прыдумкі вакол — мы не перакананыя ў тым, што яны насамрэч рэальныя. Некаторыя з іх менавіта дзеля таго і прызначаныя, каб мы сабе паставілі такое пытанне — а дзеля чаго Літве ўласная элекрастанцыя, калі вакол нібы будуюцца ажно чатыры. Часам гэткія праекты, перадусім у нашых усходніх суседзяў, разглядаюцца адно дзеля таго, каб мы разгубіліся ў сваіх разважаннях, і гэта тармазіла бы будаўніцтва стратэгічнага аб'екту — новае АЭС», — выказаўся Кубілюс у інтэрв'ю радыёстанцыі Lietuvos radijas у аўторак.

Літоўскі прэм'ер кажа, што акурат суседзі Літвы мусяць добра задумацца пра свае магчымасці. У літоўцаў ёсць уласны досвед такога будаўніцтва. І Літва будзе будаваць новую АЭС, супольна з энергетычнымі кампаніямі Польшчы, Латвіі ды Эстоніі. АЭС магутнасцю 3400 мегават мае паўстаць у 2010—2021 гадах.

Беларускі ўрад абвесціў пра свае планы збудавання атамнай станцыі на самай мяжы з Літвой у рэкордна сціслыя тэрміны — да 2012 году.

Адначасова

разрастанне газавага канфлікту між Расіяй і Ўкраінай прыводзіць да перагляду энэргетычнае палітыкі ў Эўропе, нават насуперак рашэнням ЕС.
Гэтак, пра пра аднаўленне працы спыненых рэактараў на АЭС загаварылі ў Славаччыне, што мае закрытую станцыю ў Яслоўскіх Багуніцах, і Літве, дзе на мяжы з Беларуссю стаіць Ігналіна.

Кіраўнік Ігналінскае АЭС Віктар Шэвалдзін заявіў: «Спынены энэргаблок можна было б ізноў запусціць і ён без праблемаў змог бы яшчэ працаваць 2 з паловаю гады, да сярэдзіны 2012 года. Тады варта зрабіць ацэнку стану каналаў рэактара і толькі на гэткай падставе можна будаваць прагнозы адносна далейшае дзейнасці станцыі. Аднак у нас няма такіх планаў і задач — мы рыхтуемся да закрыцця другога энэргаблока. Мы не плануем аніякае дзейнасці пасля закрыцця станцыі».

Нагадаем, частка службаў, ахаладжальных сістэмаў і водазабесьпячэнне Ігналінскае АЭС знаходзяцца ў Беларусі, у Дрысвятах. У свой час літоўскі бок прапанаваўшы быў Беларусі далучыцца да мадэрнізацыі станцыі замест пабудовы новае. Калі ж АЭС будзе пабудаваная ў сотні кіламэтраў ад Ігналіны, на літоўскай мяжы, у Астравецкім раёне, то экалагічная мэтазгоднасць закрыцця АЭС у Літве адпадзе.

«Можна разглядаць мноства магчымасцяў, але перадусім мусіць быць палітычнае рашэнне нашых уладаў, бо разглядаць усе астатнія варыянты, не маючы такога рашэння — бессэнсоўна», — сказаў сп. Шэвалдзін у інтэрв'ю літоўскай газэце Respublika.

Паводле словаў Шэвалдзіна,

пакуль закон аб закрыцці станцыі не прыняты. Няма і рашэння аб працягу яе эксплуатацыі.
Расійска-ўкраінскі газавы канфлікт можа падштурхнуць улады прыняць рашэнне хутчэй.

Старую Ігналінскую АЭС зачыняюць, бо яна была збудаваная па расійскіх тэхналогіях, якія пасля Чарнобылю ў Еўропе лічаць ненадзейнымі. Новую АЭС у Літве маюць узвесці па тэхналогіях. што адпавядаюць стандартам ЕС.

Застаюцца пытанні па фінансаванні праекту. Варшава падраджаецца ўнесці ў яго трэцюю частку сродкаў толькі ў тым выпадку, калі трэцяя частка выпрацаванага станцыяй току пацячэ ў Польшчу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?