Я прапусьціў мінулую зіму, яна нейк захутка скончылася, а каб напісаць гэты тэкст мне патрэбны былі сьняжынкі у паветры, сумёты, шоргат сьнежных шуфляў -- дзеля кантрасту з успамінамі пра цёплае мора.

Ля шкляных дзьвярэй адносна невялікага гатэлю, сьветлыя сьцены зь пясочніку, шыльда з драпежнікам. Яна паведамляе, што ўнутры месьціцца консульства, адно-адзінае ў мястэчку. Шыльда выклікае адразу недаўменнае пытаньне: дыпляматычная місыя? Тут? Навошта?

Гатэльны хол: старая мармуровая падлога, здаецца нават адпаліраваныя пліты пашарэлі ад часу ды падэшваў. Пальмы ўнутры, пальмы звонку. З гатэлю ўласна й пачаўся курорт. Будаўнічая пляцоўка аказалася на месцы могілак рымскіх часоў, выклікалі архэолягаў. Знаходкі можна ўбачыць у чатырохпавярховым музэі за сьценамі старавечнага места з крэпасьцю. То былі часы, калі па суседзтву ўпершыню дэмакратычна абраны прэзыдэнт гэтак упадабаў уладу, што абвесьціў сябе каралём (!), падпісаў уласнаручна ўказ ці дэкрэт, можна зазірнуць у беларускую энцыкляпэдыю, каму цікава.

Так-так, мінулая зіма занадта хутка скончылася, і я не пасьпеў напісаць пра консула, якога ніколі ня бачыў, але якому бадай зайздрошчу і вось чаму: яго прызначылі, можна сказаць, курортным консулам. Не прадстаўніком турыстычнай фірмы, прыкладам, не, а менавіта дыпляматам. У яго два ці тры пакоі, у адным, ясна, офіс. З марскога боку перад гатэлем высокая тэраса для летняй кавярні, мне там падабаецца: добры агляд, а яшчэ вокны консула зь лесьвічкамі аканіцаў, з балконам, на парэнчах звычайна сушацца рознакаляровыя пляжныя вялікія ручнікі, а побач -- сьцяг ягонай краіны. Вельмі ўтульна выглядае.

Сёньня чысьцяць сьнег, часты шоргат з вуліцы, а мне хочацца адчуць сябе ў летнім антычным горадзе за высокімі мурамі з абарончымі вежачкамі. Чым заняты сёньня пляжны консул? Цікава! Адпачыньнікаў, можна здагадацца, амаль няма. Няма й сьнегу, думаю, а толькі паўднёвае мора на зімовы лад. Што рабіць, чым заняцца? Можа быць, ён зьяжджае на зімовы час дахаты? А на дзьвярах вешае замок… Але ці бываюць такія дыпляматычныя пляцоўкі?

Хаця, чаму не? Ён працуе на няпоўную стаўку, зьяжджае ў сьнег, у горы катацца на лыжах, сапраўдныя Каляды зь ялінкай.

Калі консул раптам літаратар -- гэта ідэальны варыянт. Улетку ён часта бывае на тэрасе ў “пісьменьніцкай” кавярні “Хэмінгуэй”, я нават перакананы, што бачыў яго там, толькі не пазнаў, на жаль. У “Хэмінгуэі” можна пачуць розныя мовы, наведнікамі прынята чытаць газэты, ёсьць вялікая газэтніца, іншыя размаўляюць, нехта піша. А ўзімку можна брацца за грунтоўны аповед, успамінаюцца міжволі консулы Іва Андрыча.

Што ў яго ў пакоі? Вялікая мадэль ветразёвага карабля, ясна, глёбус, само сабой, старыя мапы ў рамах на сьценах, у крамцы за старымі мурамі яны, здаецца, па дзесяць эўра былі ўсяго, мне хацелася старую Эўропу, але значна больш спадабалася “няразьвітая” Афрыка. У выхадныя ў каменным падворку антыкварны рыначак, цэны даступныя. Побач -- музэйчык: грэкі, рымляне… Амаль усё лета цягнецца літаратурна-тэатральны фэст. Сустрэчы зь пісьменьнікамі на пляцыку пад густым паўднёвым небам, тэатральная пляцоўка, Сафокл, Эўрыпід.

Вельмі верагодна, што ў консула будзе мноства кніг, маркі, манеты. Папугай? Кот? Ня ведаю, чаму не? У крэпасьці асобны музэй, а на тэрасе над морам у сьцяне вымураваны мясцовы герб, а побач з чугуннымі гарматамі можна выпіць кавы або дрынк. У гэты зімовы дзень ён зойдзе ў кавярню ў крэпасьці, столікі з тэрасы прыбраныя, але яму захочацца выйсьці і пастаяць з кубкам кавы каля гарматы, дыхаць морам, падставіўшы чало паднёваму ветру: ці хутка зацьвітуць ірысы, напрыклад?

Шкада, што я ня пляжны консул.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?