Увечары 14 снежня хакейны свет Беларусі ўразіўся навіной, што на 51-м годзе жыцця не стала славутага хакеіста Уладзіміра Цыплакова. У інфармацыі не паведамлялася, што менавіта стала прычынай смерці.

Не так даўно памёр яшчэ адзін былы хакеіст зборнай Аляксандр Шумідуб. У тым выпадку адразу прайшла інфармацыя, што прычынай смерці мужчыны стала сэрца.

У публікацыі на сайце «Прэсбола» адзначаецца, што смерць Цыплакова наступіла «пры трагічных і да канца не высветленых абставінах».

Следчы камітэт паведаміў, што пачаў экспертызу смерці Цыплакова. Пра яе вынікі пакуль нічога не паведамляецца. Не пры кожнай смерці за справу бярэцца СК.

Дзве не звязаныя між сабой крыніцы — з медыцынскай сферы і з хакейнага асяродку — паведамілі «Нашай Ніве», што Уладзімір Цыплакоў скончыў жыццё самагубствам. Прычыны такога ўчынку не называюцца. Адзначаецца, што апошнія два гады ён не мог знайсці працу.

Цыплакоў — першы беларус, які стала загуляў у НХЛ, выступаў за «Лос-Анджэлес Кінгз» і «Бафала Сэйбарз». Тройчы прызнаваўся найлепшым хакеістам Беларусі. Пасля кар’еры спрабаваў сябе ў якасці трэнера, але не надта сябе зарэкамендаваў на гэтай ніве.

Пахаванне Уладзіміра Цыплакова адбудзецца 17 снежня. Развітацца з ім можна будзе ад 10 да 13 гадзіны ў лядовым палацы ў парку Горкага. Па Цыплакову засталіся жонка Алена, а таксама дачка Івана і сын Лукаш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?