Дзярждэпартамэнт ЗША 11 сакавіка апублікаваў даклад аб захаванні правоў чалавека ў свеце за 2019 год. Беларусь у чарговы раз назвалі аўтарытарнай дзяржавай, піша tut.by.
У дакладзе адзначаецца, што ўся ўлада сканцэнтравана ў руках прэзідэнта, а беларусы не могуць выбіраць уладу шляхам свабодных і справядлівых выбараў.
Сярод асноўных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі Дзярждэп назваў:
- адвольныя арышты і затрыманні;
- небяспечныя для жыцця ўмовы ўтрымання ў турме;
- адвольнае або незаконнае ўмяшанне ў асабістае жыццё;
- значныя праблемы з незалежнасцю судовай улады;
- неапраўданыя абмежаванні на свабоду слова, друку, у інтэрнэце, у тым ліку цэнзура, блакаванне сайтаў, а таксама наяўнасць законаў, якія тычацца крымінальнай адказнасці за паклёп на дзяржаўных чыноўнікаў;
- затрыманне журналістаў;
- жорсткія абмежаванні на свабоду мірных сходаў і аб'яднанняў, у тым ліку накладанне крымінальнага пакарання за заклік да мірнай дэманстрацыі і законы, якія караюць дзейнасць і фінансаванне суполак, што не ўхваляюцца ўладамі;
- абмежаванні свабоды перамяшчэння — у прыватнасці, для былых палітычных зняволеных, і абмежаванні іх грамадзянскіх правоў;
- абмежаванні на ўдзел у палітычным жыцці, у тым ліку пастаянная неадпаведнасць выбараў міжнародным стандартам;
- карупцыя ва ўсіх эшалонах улады;
- гандаль людзьмі.
У дакладзе таксама адзначаецца, што ўлады на ўсіх узроўнях у 2019 годзе часта дзейнічалі беспакарана і не прымалі мер для судовага пераследу або пакарання службовых асоб, якія парушалі правы чалавека.
0
0
0
0
0
0