Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. У цэнтры ўвагі былі падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў, сітуацыя ў эканоміцы і меры па супрацьдзеянні распаўсюджванню вірусных інфекцый, піша БЕЛТА.

«Ёсць шэраг праблем, якія мы павінны абмеркаваць з вамі. Не будзем хаваць, гэта і палітычныя пытанні — год прэзідэнцкіх выбараў. Самая вялікая праблема — гэта эканоміка. Тым не менш, гэтае пытанне нікуды не сыдзе, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Нам трэба не толькі абмяркоўваць, але і планаваць прэзідэнцкія выбары.

У нас пакуль няма падстаў пераносіць прэзідэнцкія выбары, як некаторыя тут нам (ці то ворагі, ці то супернікі) падказваюць. Палітычныя пытанні нікуды не сыдуць. Іх трэба абмяркоўваць».

Што тычыцца сітуацыі ў эканоміцы, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі імкнуцца зрабіць так, каб прадпрыемствы працавалі, людзі атрымлівалі заробак. «Тут у мяне формула Трампа. Мне вельмі спадабалася, калі ён так адкрыта сказаў, што калі мы не пачнем неадкладна працаваць (да амерыканцаў звярнуўся, дзе друкуюць гэты даляр, першая эканоміка ў свеце), то людзей памрэ больш ад беспрацоўя і голаду, чым ад каранавіруса. Вельмі правільна сказаў. Нам што казаць? Трэба працаваць і ратавацца ад гэтага крызісу, як толькі можна», — заявіў беларускі кіраўнік.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што не трэба скідаць з рахункаў і тэму вірусных хвароб. «Тым больш, мы цяпер (гэта мае адчуванні, зыходзячы з лічбавага аналізу захворвання) знаходзімся на піку. Я ўжо малю бога, каб да Вялікадня гэты пік сышоў уніз», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што на фоне барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса нельга забываць, што ёсць шмат іншых катэгорый пацыентаў, якія маюць не меншую патрэбу ў медыцынскай дапамозе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0