Ілюстрацыйнае фота. Школа ў вёсцы Гліннае Докшыцкага раёну, дзе ў адной з супрацоўніц знайшлі каранавірус.
Ад 20 красавіка толькі вясковыя школы Докшыцкага раёну аднавілі працу. У школах гарадоў Докшыцы і Бягомль вучні перайшлі на дыстанцыйнае навучаньне, паведамляе Радыё Свабода.
Як патлумачылі Свабодзе ў райвыканкаме, часова закрыць школы пастанавілі ў раённым штабе па барацьбе з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі. Цяпер заняткі праходзяць дыстанцыйна ў гарадзкіх школах Докшыцаў і Бягомля. Вучні і настаўнікі выкарыстоўваюць электронныя журналы і дзёньнікі.
Калі вучням дазволяць пайсьці ў школу, невядома. Прынамсі гэты тыдзень навучаньне будзе дыстанцыйнае.
У вясковых школах Докшыцкага раёну заняткі аднавіліся пасьля падоўжаных вакацый, як і ва ўсёй Беларусі. Цяпер школы наведвае каля 40% вучняў, паведамілі Свабодзе ў аддзеле адукацыі райвыканкаму.
«Спадзяёмся, іх будзе станавіцца болей. На другі дзень на заняткі прыйшло больш вучняў», — сказала начальніца аддзелу адукацыі Аксана Гушчык.
Аднак бацькі і настаўнікі некаторых вясковых школ паведамілі Свабодзе, што на заняткі ў першыя дні прыйшло ўсяго па некалькі чалавек. А ў некаторых клясах увогуле не было ніводнага вучня.
Начальніца аддзелу адукацыі пацьвердзіла, што перавод гарадзкіх школ на дыстанцыйнае навучаньне зьвязаны са складанай эпідэміялягічнай абстаноўкай.