Пра гэта паведаміў галоўны доктар Пружанскай ЦРБ Віктар Дараневіч у інтэрв'ю мясцовай газеце «Раённыя будні».

«На сёння ў раёне 10 чалавек маюць станоўчы тэст на COVID-19. Адзін з пацыентаў змешчаны ў ізаляваны бокс інфекцыйнага аддзялення райбальніцы, дзе праходзіць комплекснае лячэнне ад віруснай пнеўманіі. Пацыент пачуваецца здавальняюча і ідзе на папраўку», — расказаў Дараневіч.

У рэанімацыі пацыентаў са станоўчым тэстам на каранавірус няма, ніводны пацыент не мае патрэбы ў падключэнні да апарата ШВЛ, расказаў доктар.

9 чалавек знаходзяцца на самаізаляцыі. Яны назіраюцца дактарамі амбулаторна, бо захворванне ў іх працякае ў бессімптомнай і лёгкай форме.

Галоўны доктар адзначыў, што ў раёне ўсяго ў 12 чалавек цяпер ёсць звычайная бактэрыяльная пнеўманія. З улікам таго, што ў раёне жыве 46 тысяч чалавек, цікава параўнаць з лічбамі па Стаўбцоўскім раёне, дзе, пры насельніцтве 39 тысяч, па афіцыйных звестках, было зарэгістравана 270 пнеўманій.

Доктар расказаў, што райбальніца грунтоўна падрыхтавалася да эпідэміі. У ёй створаныя два прыёмныя пакоі — асобны для кавідных і асобны для некавідных хворых. На выпадак усплёску захворванняў бальніца здольная павялічыць колькасць ложкаў для каранавірусных хворых на 100 месцаў.

Раней «Наша Ніва» паведамляла, што бізнэс і жыхары Пружанаў на самым старце эпідэміі забяспечылі бальніцу дадатковай апаратурай, у тым ліку дарагім апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?