З 15 гадзін да позняй ночы ішоў вобшук на лецішчы маці Сяргея Ціханоўскага. Ягоны сябар Ігар знаходзіцца там, піша Радыё Свабода.

«Прайшло ўжо тры агляды. Змянілі тры разы панятых. Начальнік нейкі прыехаў і пытаецца: «Знайшлі забароненыя рэчывы?» — распавёў Свабодзе Ігар.

«Нешта ўсё шукаюць, ніяк не могуць знайсці. Ужо тры пратаколы напісалі, увесь дом агледзелі тры разы, увесь двор — лазню, хлявы, прыбіральню. Яны тэлефануюць начальству, ім кажуць: «Шукайце далей», — зноў нешта шукаюць», — зазначыў сябар Ціханоўскага.

Паводле яго, на лецішчы следчыя знайшлі шмат дакументаў, якія тычацца дзейнасці Сяргея Ціханоўскага як прадпрымальніка. «Забралі больш за 200 тэчак з дакументамі, прычым не апісвалі, што там, грэблі ўсё запар. Там паперы з 2003, 2006 года. Не ведаю, для чаго ён іх захоўваў. Забралі рацыі — такія амаль дзіцячыя, прымітыўныя, яны выкарыстоўваліся на пляцоўцы даўно, калі Сяргей здымаў рэкламныя ролікі», — дадаў Ігар.

Следчыя канфіскавалі пнеўматычны аўтамат і будуць высвятляць, ці законна Сяргей яго трымаў. Бо паводле закону аўтаматы, якія маюць да 7,5 джоўляў дульнай энергіі можна трымаць дома без рэгістрацыі ў міліцыі, што звыш 7,5 джоўляў — неабходна рэгістраваць.

Ігар кажа, што маці Сяргея сябе нядобра адчувае, у яе хворае сэрца, прасіла следчых ужо паехаць у Гомель — там у яе лекі. «Следчыя сказалі, што маюць права ноччу праводзіць свае дзеянні, калі гэта тэрмінова», — кажа сябар Ціханоўскага.

З пастановы на вобшук вынікае, што Ціханоўскі праходзіць падазраваным у крымінальнай справе па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса — гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?