Уладзімір Зяленскі правёў тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным, піша bbc.com. Пра што была размова?
Версія Кіева
На сайце прэзідэнта Украіны гаворыцца, што бакі, у прыватнасці, абмяркоўвалі сітуацыю на Данбасе і выкананне папярэдніх дамоўленасцяў, дасягнутых падчас саміту ў Парыжы.
«Суразмоўцы віталі дасягненне дамоўленасці адносна поўнага і ўсёабдымнага рэжыму спынення агню на Данбасе, якое пачынаецца з 00:01 27 ліпеня 2020 года. Прэзідэнт Расейскай Федэрацыі падтрымаў гэтую дамоўленасць», - гаворыцца на сайце прэзідэнта Украіны.
Таксама Зяленскі і Пуцін гаварылі аб узаемадзеянні ў размініраванні і развядзенні сіл і сродкаў на Данбасе і адкрыцці новых пунктаў пропуску на лініі размежавання.
Прэзідэнт Украіны таксама ўзняў пытанне вызвалення ўкраінскіх грамадзян, якіх утрымліваюць як на часова акупаваных тэрыторыях, так і ў Расеі. У прыватнасці, Зяленскі ўспомніў пра вызваленне крымскага татарына Руслана Сулейманава, у якога пры трагічных абставінах загінуў трохгадовы сын.
Акрамя таго, прэзідэнты абедзвюх краін абмеркавалі асаблівы парадак мясцовага самакіравання на Данбасе і закон аб дэцэнтралізацыі, які прадугледжвае змены ў Канстытуцыі Украіны.
Версія Масквы
На сайце прэзідэнта Расіі выклалі трохі іншую версію размовы.
У публікацыі Крамля, да прыкладу, наогул не згадваецца пытанне вызвалення ўкраінцаў, якія ўтрымліваюцца на часова акупаваных тэрыторыях і ў РФ.
Сказана, што «падрабязна абмеркаваныя розныя аспекты ўрэгулявання ўнутрыўкраінскага крызісу» і «канстатавалі неабходнасць павышэння эфектыўнасці перамоўных намаганняў у рамках мінскай кантактнай групы».
Таксама, гаворыцца ў паведамленні, Пуцін ахарактарызаваў пастанову аб правядзенні мясцовых выбараў ва Украіне як такую, што «супярэчыць Менскім пагадненням і ставіць пад пагрозу ўрэгуляванне канфлікту».
«Акрамя таго, выказаная сур'ёзная заклапочанасць у сувязі з нядаўнімі заявамі высокапастаўленых афіцыйных асоб Украіны аб непрымальнасці шэрагу палажэнняў «Комплексу мер» (адносна выканання мінскіх дамоўленасцяў) і неабходнасці яго перагляду».
«Прэзідэнт Расеі асобна адзначыў, што яшчэ раз агучаная Уладзімірам Зяленскім падчас тэлефоннай размовы пазіцыя аб безальтэрнатыўнасці мінскіх дамоўленасцяў павінна знайсці сваё пацверджанне ў рэальных дзеяннях кіеўскай улады», - кажуць у Крамлі.
Дадаецца, што гутарка прэзідэнтаў адбылася па ініцыятыве ўкраінскага боку.