24 жніўня польскі ПЭН-клуб апублікаваў заяву ў сувязі з падзеямі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, піша Радыё Свабода.

У ёй падкрэсьліваецца, што афіцыйныя вынікі выбараў у Беларусі не прызнае як вялізная частка беларускага грамадзтва, так і міжнародная супольнасьць, у тым ліку Эўразьвяз.

«Больш як чвэрць стагодзьдзя таму ўладу ў суседняй краіне прысвоіў сабе дыктатар. Гэта асоба, запэцканая таемнымі палітычнымі забойствамі, паліцэйскім тэрорам і катаваньнямі, празь якія ён прымушае праходзіць сотні сваіх суайчыньнікаў. Махлярства на выбарах, якое ператвараецца ў карыкатурны плебісцыт, ідзе поруч з парушэньнямі грамадзянскіх свабодаў, свабоды слова, асноў законнасьці і дэмакратыі», — гаворыцца ў заяве польскага ПЭН-клюбу.

Аўтары заявы згадваюць пра цэнзуру і адсутнасьць свабоды думкі ў беларускіх СМІ, інтэрнэце і ўстановах адукацыі, пра «перашкоды беларускай мове і культуры Беларусі, яе гістарычным сымбалям», што, на іх думку, скіравана «на дэнацыяналізацыю краіны».

І цяпер, калі «Беларусь дэманструе сьвету іншае аблічча» і сотні людзей выходзяць на дэманстрацыі «ў абарону сваіх відавочных і неад’емных правоў чалавека і грамадзяніна», нельга маўчаць перад гэтым уздымам і «перад вялікай і паўсюднай воляй да вяртаньня законнасьці і дэмакратыі ў цывілізаванай эўрапейскай дзяржаве», гаворыцца ў заяве.

«Мы падтрымліваем справу пратэстоўцаў, патрабуем шанаваньня ў Беларусі правоў чалавека і грамадзяніна, заклікаем тых, каму яны дарагія, заклікаем грамадзкія арганізацыі і ўрады зрабіць усё, што можа прадухіліць масавае злачынства ў найбліжэйшай нам краіне і паспрыяць ёй на шляху да свабоды», — напісана ў заяве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0