Журналістаў, затрыманых у Мінску 1 верасня на студэнцкай акцыі пратэсту, з Кастрычніцкага РУУС адправілі вечарам 2 верасня ў ЦІП на Акрэсціна, піша Tut.by.

Журналісты, нагадаем, былі затрыманыя пры выкананні прафесійных абавязкаў. Яны былі пазначаныя камізэлькамі і бэйджамі «Прэса». Аднак іх затрымалі ля стадыёна «Дынама», як спачатку было заяўлена, для праверкі дакументаў. У Кастрычніцкім РУУС на іх склалі пратаколы за ўдзел у «несанкцыянаваным мітынгу».

Ноч з 1 на 2 верасня яны правялі ў актавай зале РУУС Кастрычніцкага раёна, спалі на крэслах.

У сераду, у 14.00, справы затрыманых павезлі ў суд. Разглядаць іх павінен быў суддзя Рудэнка. Практычна адразу памочнік суддзі паведаміла TUT.BY, што адміністрацыйныя справы ў дачыненні да журналістаў Tut.by Аляксея Суднікава і Надзеі Калінінай накіраваныя начальніку РУУС Кастрычніцкага раёна для ліквідацыі недахопаў. Адвакаты Суднікава і Калінінай заявілі, што маюць намер дамагацца іх вызвалення.

Бліжэй да 17:00 стала вядома, што суды ўсё ж пройдуць сёння — справы дапрацавалі. Па словах адваката Надзеі Калінінай, там былі «толькі граматычныя памылкі».

У 17:10 пачаўся суд над Надзеяй Калінінай. Справу Аляксея сталі разглядаць праз гадзіну. Сведкамі на працэсах выступалі амапаўцы Аляксандар Кавалёў і Сяргей Ігнацьеў. Па іх словах, журналісты каардынавалі шэсце, «заклікалі працягваць удзел, не разыходзіцца, ісці далей, паварочваць направа або налева».

Самі журналісты, як і сведкі з боку абароны, гэта абвяргалі. Яны казалі, што карэспандэнты стаялі ўдалечыні ад пратэстоўцаў, у сініх камізэльках, нічога не выкрыквалі і, калі за імі прыйшлі амапаўцы ў чорным, не супраціўляліся, прайшлі за імі ў мікрааўтобус без нумароў.

У судзе таксама было прагледжана відэа, на якім было захаванае затрыманне журналістаў. Адвакаты адзначылі супярэчнасці ў паказаннях амапаўцаў, нестыкоўкі ў пратаколах і заявілі, што віна іх падабаронных не даказаная.

Пасля перапынку суддзя агучыў рашэнне — зноў адправіць справы журналістаў TUT.BY на дапрацоўку.

Па справах журналістаў «Камсамольскай праўды» ў Беларусі» Мікіты Дубалека, Марыі Эляшэвіч, Сяргея Шчогалева, а таксама па справе журналіста БелаПАН Андрэя Шаўлюгі прыняты аналагічныя рашэнні — адправіць ў РУУС для ліквідацыі недахопаў.

Увесь гэты час журналісты знаходзіліся ў РУУС Кастрычніцкага раёна. Суд над імі праходзіў па відэасувязі. Пасля таго як скончыліся суды, журналістаў адправілі з РУУС у ЦІП на Акрэсціна.

Разгляд іх спраў працягнецца 3 верасня. Журналістам пагражаюць штраф або адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0