Фота Дзяніса Дзюбы
Народную артыстку Беларусі Зою Белахвосцік звальняюць з Акадэміі мастацтваў. Пра гэта зорка Купалаўскага тэатра паведаміла TUT.BY.
Па словах Зоі Валянцінаўны, у Акадэміі мастацтваў яна з'яўлялася сумяшчальнікам — выкладала на кафедры майстэрства акцёра тэатральнага факультэта. На 0,5 стаўкі яна з'яўлялася мастацкім кіраўніком акцёрскага курса.
— Напрыканцы кожнага навучальнага года мы падаём заявы. А потым нас заўсёды бяруць. Гэта звыклая завядзёнка. Але зараз мяне не прынялі [на аналагічную пасаду].
— З якой фармулёўкай?
— Мне наогул нічога не тлумачылі, бо мяне не выклікалі. Загадчыку кафедры майстэрства акцёру Вячаславу Паўлюцю патлумачылі так: «Ну вы же понимаете». У рэктараце яму сказалі: «Мы паважаем Зою Валянцінаўну, яна мудрая жанчына, яна зразумее».
— Вы застаяцеся на кафедры шараговым выкладчыкам?
— Я не застаюся ні ў якой якасці. Мяне няма, ўсё.
— У вас няма педагагічнай нагрузкі?
— Так, так.
У рэктараце Акадэміі мастацтваў адмовіліся ад каментароў.