Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Ілюстрацыйнае фота

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Ілюстрацыйнае фота

44-гадовую Наталлю Крук з Сёмкава сілавікі схапілі 8 лістапада ў цэнтры Мінска. Разам з ёй затрымалі яшчэ і старэйшую дачку, 24-гадовую Настассю. Іх абедзвюх адправілі ў Жодзіна, дзе праз некалькі дзён судзілі.

Арыштантаў з Жодзіна размяркоўваюць сярод суддзяў з розных раёнаў Мінскай вобласці. Наталля Крук дасталася нейкаму суддзі з Вілейскага раёна.

У жанчыны ёсць яшчэ і малодшая дачка, 14-гадовая Дар’я. А гэта значыць, што ёй не маглі прысудзіць суткі. Гэта забаронена Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях. Але выглядае, што суддзя з Вілейкі пра гэта не ведаў.

Жанчына расказала сукамерніцам, што ён спытаў, ці дакладна Дар’і споўнілася 14 гадоў. «У жніўні быў дзень нараджэння», — адказала маці. Тады суддзя прысудзіў ёй 10 сутак зняволення.

Імаверна, суддзя паблытаў паняцці «непаўналетні» (да 18 гадоў) і «малалетні» (да 14 гадоў). КаАП у дадзеным выпадку гаворыць аб непаўналетніх, а не малалетніх.

Старэйшая дачка, Настасся, таксама атрымала арышт — 8 сутак.

«Думалі, што адпусцяць пасля суда хаця б жонку, бо ў нас жа непаўналетняя дачка. Але ж не», — бядуе Дзмітрый Крук, муж Наталлі. Ён наракае, што ні ў жонкі, ні ў дачкі на працэсе не было адваката, які мог бы ўказаць суддзі на грубую памылку.

Падобная сітуацыя здарылася сёлета з актывісткай Аленай Лазарчык. Пасля розгаласу ў СМІ суд адразу ж перагледзеў рашэнне, і суткі замянілі на штраф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?