Чыноўнікі плануюць да вясновай сесіі парламента падрыхтаваць заканадаўчыя акты аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ заявіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацсхода Лілія Ананіч, піша Tut.by.

Фота Вольгі Шукайлы 

Фота Вольгі Шукайлы 

Аднак законапраект, па яе словах, можа быць падрыхтаваны і раней за старт вясновай сесіі.

Дэпутат не ўдакладняла, якія нормы могуць прапісаць у дакуменце, праца над якім вядзецца. Удакладнім, што ў гэтым сюжэце дзяржтэлеканала гаворыцца сярод іншага пра БЧБ-сімвалы, у тым ліку пра БЧБ-сцяг, а таксама пра пратэсныя рухі.

— З улікам падыходаў аб недапушчальнасці нацызму будуць прымаць у будучыні і заканадаўчыя акты аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму. Зараз ідзе працэс актыўнай напрацоўкі, і, магчыма, да вясновай сесіі мы будзем мець комплексны дакумент, хоць ён можа з'явіцца ў парламенце і ў бліжэйшы час, — сказала дэпутат Лілія Ананіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.

Якія-небудзь іншыя дэталі законапраекта, праца над якім вядзецца, яна не стала паведамляць.

Удакладнім, што вясновая сесія парламента, як правіла, стартуе ў першых чыслах красавіка.

Раней 24 лістапада Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы пасла Ізраіля, заявіў, што беларускі парламент разгледзіць законапраект аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму.

— Нашы дзяржавы паслядоўна адстойваюць абсалютную недапушчальнасць перагляду яе вынікаў (вынікаў Другой сусветнай вайны) і гераізацыі нацызму (дарэчы, у бліжэйшы час наш парламент разгледзіць законапраект аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму ў Беларусі). Так званай гераізацыяй сёння грашаць вельмі многія краіны, асабліва размешчаныя побач з намі. А дарма. Перакананы, што ніякія заслугі перад Айчынай не могуць апраўдаць злачынствы супраць чалавецтва, — заявіў Лукашэнка паслу Ізраіля.

Раней, нагадаем, Лукашэнка назваў бел-чырвона-белы сцяг фашысцкай сімволікай і заявіў, што не мае намеру трываць яе ў Мінску.

— Мы прыбяром гэтую фашысцкую сімволіку з нашага грамадства. Зробім гэта прыгожа і, перш за ўсё, тлумачачы, забіваючы ў галаву людзям, што гэтага нельга рабіць, — заявіў ён, размаўляючы з работнікамі «Гомсельмаша».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0