Адна з акцый У Брэсце. Фота Радыё Свабода

Адна з акцый У Брэсце. Фота Радыё Свабода

У Брэсце абвясцілі прысуд па справе аб крадзяжы міліцэйскай рацыі. 34-гадоваму Дзмітрыю Шчурко прысудзілі 2 гады хатняй «хіміі». Інцыдэнт, за які судзілі Дзмітрыя Шчурко, адбыўся 20 верасня. Тады на рагу вуліц Савецкай і Гогаля сабраліся ўдзельнікі акцыі пратэсту. Да іх пад’ехаў мікрааўтобус з сілавікамі і пачаліся затрыманні, піша Tut.by.

Па версіі абвінавачання, мужчына скарыстаўся тым, што міліцыянты займаліся іншымі ўдзельнікамі дэманстрацыі, і дастаў з падсумкі бронекамізэлькі аднаго з іх радыёстанцыю. Рацыю ён панёс дадому. Праз дзень яго выклікалі ў аддзяленне міліцыі, дзе ён вярнуў абсталяванне. Ва УУС шкоду ацанілі ў 890 рублёў.

Шчурко раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, ён выхоўвае дваіх дзяцей: 8 і 2 гадоў.

Берасцеец вінаватым сябе не прызнаў. Суду ён распавёў, што 20 верасня прыехаў на Савецкую прагуляцца. Каля помніка 1000-годдзя завязалася бойка з АМАПам. Сілавікі падбеглі да Дзмітрыя, сказалі яму «ляжаць» і паспрабавалі скруціць. Праз дзень Дзмітрыю патэлефанавалі з крымінальнага вышуку і папрасілі прыйсці. У райаддзеле ён вярнуў рацыю. Затым яго дапыталі, затрымалі і адправілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС.

У судзе мужчына растлумачыў, што красці рацыю ён не збіраўся. Ён узяў яе, каб выкарыстоўваць у якасці доказу злачынстваў невядомых, якія затрымлівалі мірных дэманстрантаў.

Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0