Фота Intex-Press.

Фота Intex-Press.

10 чэрвеня ў Баранавічах на адно з аддзяленняў «Беларусбанку» быў здзейснены ўзброены напад, паведамляе «Intex-press».

Па сканчэнні перапынку на абед у філіял банку на вул. Паркавай уварваўся ўзброены пісталетам і нажом мужчына. Пагражаючы зброяй, ён запатрабаваў грошай. А пасля пачаў збіваць жанчын — супрацоўніцу банку і наведніцу ўстановы.

Адна з іх, 38-гадовая супрацоўніца філіялу, ад ўдару нападніка павалілася на банкамат і моцна ўдарылася аб яго галавой. Невядомы стрэліў у столю, абышоў памяшканне, і, не знайшоўшы грошай, збег.

Пацярпелыя атрымалі лёгкія чэрапна-мазгавыя траўмы, супрацоўніца банку яшчэ страсенне мазгоў. Жанчына знаходзіцца ў нейрахірургічным аддзяленні гарадской бальніцы.

***

Варта адзначыць, што ўзброеныя напады на банкі і касіраў ў гэтым годзе рэзка пачасціліся.

Толькі за першыя паўгода здарылася некалькі гучных спраў, звязаных з рабаваннем банкаў.

Бадай самым гучным выпадкам стаў напад на машыну з грашыма для работнікаў аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Салігорскага раёну 27 лютага.

Злачынцы арганізавалі засаду на ўскрайку Салігорска. Дзеля 73 мільёнаў рублёў яны забілі бухгалтарку СВК і кіроўцу. У апошняга засталіся двое, а ў жанчыны-бухгалтаркі — трое дзяцей.

20 лютага ўвечары невядомы злачынца, выдаўшы сябе за інкасатара, трапіў у памяшканне пункту абмену валютаў у мінскім гіпермаркеце «Прастор». Там ён ужыў супраць касіркі электрашокер ды завалодаў валютай на суму больш 80 тыс. даляраў.

Увечары 30 сакавіка ў філіяле сталічнага банка, што на вуліцы Прамой (раён Грушаўкі), пагражаючы касіру пісталетам, невядомы злачынца завалодаў 1915 далярамі, 850 еўра, 2200 расійскімі рублямі і 2 млн 300 тыс. беларускімі рублямі.

29 красавіка ў добрушскі банк уварваўся мужчына з павязкай на твары. Ён пераскочыў праз стойку, забраў 52 тысячы расейскіх рублёў і больш за 1,5 тысячы даляраў ЗША, і ўцёк. Але недалёка - знайсці рабаўніка дапамаглі камеры відэаназірання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0