У жніўні мінулага года Мікалай Пінігін разам з многімі артыстамі і супрацоўнікамі тэатра напісаў заяву аб сыходзе. Гэта быў знак салідарнасці з дырэктарам тэатра Паўлам Латушкам, з якім скасавалі кантракт, і пратэст супраць гвалту ў краіне.

«У апошні час тэатр быў на ўздыме, добра глядач ішоў… Але што рабіць? Такое бывае, — казаў мастацкі кіраўнік Купалаўскага ў адным са сваіх каментарыяў амаль адразу пасля таго, як усім артыстам падпісалі заявы аб сыходзе. — Кожны сам вырашаў, што рабіць. Не было такога, што мастацкі кіраўнік, сыходзячы, пацягнуў усіх за сабой. І Латушка казаў трупе: вы павінны сустрэць 100-гадовы юбілей, не звяртайце ўвагі.

Але я лічу, што зрабіў правільна, гэта быў адзіна магчымы крок. Што буду рабіць далей, пакуль не ведаю. Адзінае — дакладна не пайду ў палітыку. Ніколі гэтым не займаўся і не хацеў. Нават калі быў Беларускі Народны Фронт, я спачуваў, але не ўдзельнічаў».

Сёння на пытанне «Як справы?» Пінігін адказвае проста: «Нармальна! Пенсіянерствую. І пакуль мне гэта падабаецца. Гуляю, хаджу, чытаю шмат кніжак». Зараз чытае Паолу Волкаву.

«Гэта мастацтвазнаўца вядомая, лепшы для мяне мастацтвазнаўца, яна пра жывапіс, скульптуру і яшчэ шмат пра што піша, — тлумачыць Мікалай Мікалаевіч. — Я проста многа чаго не ведаў, таму што ўсё жыццё чытаў толькі п’есы ў вялікай колькасці, хай на іх ліха… А цяпер можна яшчэ пра штосьці даведацца. Дзіну Рубіну з задавальненнем чытаю — «Наполеонаў абоз» і «Руская канарэйка». Геніяльны аўтар, лічу, з сучасных. Майстар!»

Ад інтэрв’ю на больш глабальныя тэмы Мікалай Мікалаевіч адмаўляецца: «Пра што можна гаварыць? Пра тэатр — не буду, а з усім астатнім і так усё зразумела».

Перыядычна Мікалаю Пінігіну паступаюць прапановы аб рабоце, у тым ліку з-за мяжы.

«Прапановы ёсць, я не ўтойваю, але я не хацеў бы іх агучваць, — пацвярджае рэжысёр. — Я адкрыты для супрацоўніцтва — напрыклад, пастаноўку зрабіць. Аднак перамоў аб сталай рабоце не вяду».

Ніякіх прагнозаў пра тое, як будзе далей развівацца сітуацыя ў краіне, што будзе з Купалаўскім, Пінігін не робіць.

«Але ў будучыню гляджу з аптымізмам», — вельмі ўпэўнена кажа Мікалай Мікалаевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?