Свет, магчыма, уступае ў эпоху «патэнцыйнай міжнароднай нестабільнасці», чаму спрыяе рост Кітая і з'яўленне небяспечных тэхналогій, такіх як штучны інтэлект і робататэхніка, што могуць набыць вырашальнае значэнне для вядзення вайны, папярэдзіў амерыканскі генерал, старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Марк Мілі.

Ён параўнаў цяперашнюю эпоху з іншымі геапалітычнымі зрухамі ў сусветнай гісторыі, у тым ліку падзеннем Рыма і распадам Савецкага Саюза, паведамляе «Голас Амерыкі».

Па словах Мілі, уздым Кітая мяняе статус-кво пасля некалькіх дзесяцігоддзяў, калі ЗША, фактычна, былі «бясспрэчнай глабальнай вайсковай, палітычнай і эканамічнай дзяржавай».

Ён папярэдзіў, што геапалітычныя перамены суправаджаюцца тэхналагічнымі інавацыямі ў галіне робататэхнікі, гіпергукавой зброі, штучнага інтэлекту і іншых тэхналогій.

«Яны надзвычай разбуральныя і могуць набыць вырашальнае значэнне ў вядзенні вайны», — сказаў Мілі.

За некалькі дзён да выступу Мілі міністр абароны ЗША Лойд Осцін папярэдзіў, што Злучаным Штатам трэба рыхтавацца да патэнцыйнага канфлікту, мала падобнага на «старыя войны», якімі доўгі час быў паглынуты Пентагон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0