Фота blizko.by

Прынцып дзеяння тэсту наступны: бярэцца кропля крыві з пальца і піпеткай пераносіцца на тэставую касету. Пасля туды дадаецца раствор з прабіркі. Вынік гатовы праз 15 хвілін. Тэст паказвае два віды антыцелаў — М (звычайна сведчаць пра вострую фазу хваробы) і G (паказваюць, ці выпрацаваўся імунітэт да кавіду).

Тэст выпусціла гаспадарча-разліковае вопытнае прадпрыемства Інстытута біяарганічнай хіміі Акадэміі навук. Распрацоўваць яго пачалі яшчэ вясной мінулага года.

«Ён зроблены на нуклеакапсідны антыген, які ўнутры РНК-віруса. Як правіла, калі гэты бялок разбураецца, антыцелаў да яго выпрацоўваецца дастаткова шмат. Таму тэст працуе як гадзіннік, — кажа кіраўніца аддзела тэхнічнага кантролю Наталля Мелякова. — Тэст не паказвае колькасць антыцелаў — толькі іх наяўнасць. Але інтэнсіўнасць афарбоўвання мае значэнне. Калі мы бачым яркую паласу, значыць антыцелаў шмат, калі бледную — то іх мала».

На вытворчасці адзначаюць: калі вы толькі ўчора захварэлі і хочаце зразумець, ці гэта каранавірус, то трэба рабіць ПЛР-мазок.

А экспрэс-тэст падыходзіць для таго, каб убачыць, ці засталіся антыцелы пасля хваробы, або ўпэўніцца, што гэта быў кавід.

«Імунаглабуліны М пачынаюць выпрацоўвацца з 3-5 дня захворвання, у вялікай колькасці іх становіцца прыкладна на 12-14 дзень, — тлумачыць эксперт, чаму ў першыя дні хваробы такі тэст можа быць неінфарматыўным. — У адной з паліклінік рабілі ўсім на пяты дзень падобныя тэсты (толькі не нашы, а кітайскія ці карэйскія). А яны нічога не паказвалі. Гэта не значыць, што тэсты дрэнныя — проста антыцелаў яшчэ не было».

Імунаглабуліны М могуць захоўвацца да 12 тыдняў. Таму, каб зразумець, ці сведчаць яны пра цяперашняе захворванне або пра перанесенае нядаўна, трэба супастаўляць вынікі тэсту з сімптомамі. Калі вы перанеслі каранавірус два месяцы таму, верагодней, гэта антыцелы з таго разу.

«Экспрэс-тэст можна паўтарыць праз тры ці шэсць месяцаў, каб зрабіць выснову, ці рабіць прышчэпку альбо антыцел яшчэ хапае. І наогул зразумець, ці дала імунная сістэма адказ пасля хваробы», — дзеліцца Наталля Мелякова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0