Віктар распавядае, што напрыканцы працоўнага тыдня, у пятніцу, па заводзе папаўзлі чуткі, што ў панядзелак да іх можа прыехаць Лукашэнка, адміністрацыя ўжо сустракалася з рабочымі — прамацвалі глебу. 

Рабочых папрасілі схаваць белыя бранзалеты

«Агулам на сустрэчы было каля тысячы чалавек, — кажа суразмоўца. — Спачатку казалі, што будуць прапускаць не ўсіх, але ў панядзелак на месцы высветлілася, што можа прайсці любы. Там быў «фэйс кантроль». Тады шмат супрацоўнікаў хадзіла з белымі бранзалетамі, з сімволікай — усё гэта трэба было пакінуць на стале перад рамкай. Пасля некалькі супрацоўнікаў у штацкім, вельмі падобныя да ціхароў, якіх мы сустракалі на вуліцах, прамацвалі кішэні і прапускалі. На дзіва, вялі сябе ветліва з усімі — нібыта ім сказалі: нам патрэбная прыгожая карцінка».

Яшчэ адзін удзельнік сустрэчы, Зміцер, згадвае, што хадзілі чуткі, што на завод прыедзе нехта з дэпутатаў, пра Лукашэнку спачатку гаворкі не ішло.

«Да гэтага прайшла даволі жорсткая сустрэча з генеральным дырэктарам завода, згадвае ён. — Пасля было яшчэ некалькі сустрэч на заводзе з адміністрацыяй, тады ўжо пачалі ціснуць: у рабочы час не збірайцеся на заводзе. Мы збіраліся ў абед, у нас было хвілін 20, пасля нам забаранілі і ў абед групавацца. На заводзе, маўляў, гэта забаронена ўвогуле. Перад пляцоўкай, дзе выступаў Лукашэнка, паставілі дадатковую рамку — менавіта там стаялі супрацоўнікі ў штацкім. На прахадной таксама правяралі торбы, у каго што ў кішэнях — рабілі больш чыста для птушачкі. Мабільныя тэлефоны не адбіралі — думаю, гэта для іх было памылкай. Але былі праблемы з інтэрнэтам: весці прамы эфір дакладна не атрымлівалася. З мяне знялі белы бранзалет з чорнымі элементамі, якія я насіў вельмі доўга дагэтуль. Праз тое, што ў мяне быў бранзалет, мяне адправілі на асобны прапускны пункт, папярэдзіўшы па рацыі. Закасалі джынсы вышэй за калена». 

На сустрэчу ісці не прымушалі, можна было адмовіцца. 

«Але кіраўніцтва пераканала, маўляў, выкажыце ўсё, што хочаце, і спытайце, што вас цікавіць. Ну і большасць усё ж пайшла, хаця б збоку пастаяць і паслухаць. Я прыйшоў, калі выступ пачаўся, амаль падышоў да таго моманту, калі і пачалі крычаць «Сыходзь!», якраз скончвалася прайграванне запісу, нібыта размовы нашых калег, якія абмяркоўвалі, як трэба на сустрэчы пракаціць Лукашэнку, каб ён больш не вяртаўся. Многія прыйшлі выказацца, у людзей накіпела ад таго, што адбывалася», — узгадвае Віктар. 

Гендырэктар завода, дарэчы, заявіў, што хоць сам і галасаваў за Лукашэнку, прызнае, што ён выбары не выйграў.

«Я пайшоў, бо спадзяваўся адшукаць адказы хоць на нейкія пытанні, якія са жніўня ў мяне былі: пра фальсіфікацыі, гвалт, — адзначае Зміцер. —

Але я не змог нічога спытаць, нас пачалі адцясняць пераапранутыя людзі, калі ён выйшаў да людзей. Адзін мужчына проста мяне адштурхоўваў, калі я спрабаваў падысці бліжэй. І я бачыў, што ў яго навушнік з вуха тырчаў: тады я зразумеў, што хоць ён у рабочай форме, ён наўрад ці працуе ў нас». 

Суразмоўцы кажуць, што запіс рабочых, якія нібыта абмяркоўваюць, як сарваць сустрэчу з Лукашэнкам, меў зусім адваротны эфект — людзі не паверылі ў яго сапраўднасць, вырашылі, што гэта фэйк, што рабочых проста вось так хочуць падставіць. 

Па іх успамінах, «Сыходзь» крычала недзе чвэрць супрацоўнікаў, то бок некалькі сотняў. Загадзя да гэтага не рыхтаваліся, нехта першы выкрыкнуў, астатнія вырашыла падтрымаць.

«Быў асаблівы шок, калі ён на гэта сказаў «Дзякуй», — узгадвае Віктар. — І тут пачаўся проста істэрычны смех». 

«У натоўпе быў нейкі эмацыйны выбух, пад’ём, — дадае Зміцер. — Многія думалі, што нешта зменіцца, што сапраўды будуць нейкія адказы — усё ж пасля выбараў гэта была першая паездка Лукашэнкі на буйное прадпрыемства, ужо ж пачаліся хваляванні на заводах. Усе хацелі пачуць ад яго тое, што не пачулі і па сёння.

Якая была рэакцыя Лукашэнкі на такі прыём?

«Мне падалося, ён выглядаў вельмі пакрыўджаным, — згадвае Віктар. — Можа, ён рыхтаваўся, што яму могуць нешта пракрычаць, але не каб настолькі бурна людзі рэагавалі на кожнае ягонае выказванне. Дапамагло яму толькі ўменне ўхіляцца ад вострых пытанняў». 

«Было бачна, асабліва па эмоцыях, калі ён пайшоў у натоўп, увесь негатыў і злосць, што ад яго сыходзілі. Чалавек злаваўся і не чакаў такога. Ëн змог устрымацца, пайшоў у палеміку», — адзначае Зміцер.

Побач з ізалятарам на Акрэсціна 11 жніўня

Побач з ізалятарам на Акрэсціна 11 жніўня

Па ўспамінах суразмоўцаў, людзі задавалі Лукашэнку вострыя пытанні. Напрыклад, адзін з супрацоўнікаў спытаў, чаму не дапусцілі незалежнага назіральніка — ягонага сябра, чалавека з вышэйшай адукацыяй, станоўчага, ідэальнага кандыдата. Лукашэнка замест таго, каб адказаць, пачаў задаваць сустрэчныя пытанні: «А ты назаві, які артыкул мы парушылі, а вось скажы»? Ëн стараўся паставіць чалавека ў ступар. Чалавек разгубіўся крыху, а той ужо пайшоў у атаку, — прыгадвае Зміцер. —

Наконт Акрэсціна задавалі пытанні, а ён ізноў ішоў у атаку і пераконваў, што там нікога не збівалі, атрымалі толькі тыя, хто сам нарываўся і кідаўся на канвой. Людзі на гэта зноў вельмі бурна адрэагавалі — пачалі крычаць.

— Запомніўся момант, калі вылез незразумелы мужчына і пачаў пытаць, чаму ў яго трое дзяцей, а кватэру яму не даюць, — кажа Віктар. — І адразу пачаўся рух: яму паабяцалі разабрацца. Мы так і не зразумелі, адкуль з’явіўся той персанаж. 

З актыўнымі ўдзельнікамі сустрэчы пасля працавалі сілавікі

Суразмоўцы кажуць, што не чакалі, што Лукашэнка спусціцца да людзей. 

«Калі я толькі прыйшоў на працу, заўважыў, што стаіць чалавек 200 у чыстай робе, а завод жа вялікі — 4 тысячы супрацоўнікаў. Але візуальна больш-менш усіх ведаў. А там сабраліся тыя, каго я не ведаў зусім», — згадаў Віктар. 

Рабочыя ідуць з завода па вуліцах Мінска

Рабочыя ідуць з завода па вуліцах Мінска

Сустрэча працягвалася каля 40 хвілін. Пасля, згадваюць суразмоўцы, самых актыўных удзельнікаў шукалі пры дапамозе сілавікоў. Напрыклад, рабочага, якому Лукашэнка загадаў схаваць тэлефон. Дасталася і тым, хто заводзіў размовы пра стварэнне незалежнага прафсаюза. Частка супрацоўнікаў, асцерагаючыся пераследу, пакінулі Беларусь. Тых, хто быў заўважаны сярод актыўных удзельнікаў пратэсту, з завода з часам прыбралі. 

Рабочыя ідуць з завода па вуліцах Мінска

Рабочыя ідуць з завода па вуліцах Мінска

«Калектыў раскалоўся пасля падзей 2020 года, — кажа Зміцер. — Сітуацыя на заводзе невясёлая. Замоваў ваенкі на Расію мала, пераабсталяванне скончылася. Прэміі і заробкі рэжуць, затое купілі квадракоптар, якія лётае па заводзе, і відэакамеры». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0