Больш за ўсё відэа ўдалося знайсці ў сацыяльнай сетцы TikTok. Іх здымаюць самі мігранты і ставяць хэштэгі «Беларусь», «мігранты», «мяжа», «Польшча» і накладваюць музыку.
Часта яны здымаюць свой побыт: як яны спяць на зямлі, разводзяць вогнішча, сушаць абутак. Таксама на відэа з’яўляецца агароджа з калючага дроту і пагранічнікі.
Тыя, хто не дабраўся яшчэ да мяжы, актыўна посцяць відэа з цэнтра горада і ў таксі.
Напрыклад, на гэтым відэа з «Галерэі» мігранты сталі ў круг і актыўна танчаць. Да іх нават далучыўся нехта з беларусаў.
Таксама танчаць увечары, водзяць карагод вакол вогнішча і спяваюць у лесе на мяжы.
Рэдка, але з’яўляюцца відэа перакусаў. На адным з іх бачна, што мігранты снедаюць плаўленым сырам і батонам. Застаецца здагадвацца, ці ёсць у іх яшчэ што-небудзь з прадуктаў акрамя гэтага.
Дзе-нідзе з’яўляюцца відэа, як людзі (часам з дзецьмі) у дажджавіках, гумавых ботах ходзяць па палях і лясах. У некаторых бежанцаў абутак увесь у брудзе.
Трапляецца кантэнт з легкавых мікрааўтобусаў, на якіх мігрантаў вязуць да мяжы. Людзі ляжаць у багажным аддзяленні.
***
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з Літвой, Латвіяй і Польшчай пачаўся ў канцы вясны. Еўрапейскія краіны прынялі рашэнне не ўпускаць нелегальных мігрантаў на сваю тэрыторыю, абвінаваціўшы Лукашэнку ў арганізацыі «гібрыднай вайны».
Памежнікі сталі адпраўляць бежанцаў назад у Беларусь. Беларускі бок вінаваціць улады Літвы і Польшчы ў жорсткім стаўленні да бежанцаў. Для многіх мігрантаў Літва і Польшча — транзітныя шляхі. Іх канчатковая мэта — Францыя і Германія.