Вось што даслоўна заявіла Качанава 9 лістапада: «Вельмі шкадуем, што такое можа адбывацца з людзьмі ў ХХІ стагоддзі, што да людзей такое стаўленне. Гэта проста недапушчальна, гэта бесчалавечна. Гэта не паддаецца ніякаму розуму. Гэта нельга дапускаць, з гэтым трэба змагацца. Самае страшнае, што сёння спрабуюць абвінаваціць у гэтым Беларусь.

У нас даўно прыняты закон, які дазваляе прыязджаць жыхарам 80 краін да нас без віз. Людзі могуць ехаць туды, куды яны хочуць. Мы не запрашалі да сябе ў краіну гэтых людзей, яны едуць у Еўрасаюз. Яны бягуць ад вайны, іх запрасілі, яны едуць на працу, яны хочуць жыць у міры ў еўрапейскіх краінах».

У гэтай заяве, як кажуць, змяшаліся коні, людзі. Разбяром яе падрабязна.

Па-першае, ні адна з краін, грамадзянамі якой з’яўляюцца мігранты, не ўваходзіць у спіс з 76 краін, грамадзянам якіх дазволена наведваць Беларусь без візы на тэрмін да 30 сутак, калі яны прылятаюць у аэрапорты.

З Азіі ў гэтым спісе Бахрэйн, Інданэзія, Паўднёвая Карэя, Кувейт, Ліван, Малайзія, Аман, Саудаўская Аравія, Сінгапур. Пры наяўнасці шматразовай шэнгенскай візы без візы ў Беларусь могуць прыязджаць грамадзяне В’етнама, Індыі, Ірана, Іарданіі і Пакістана.

З Афрыкі — Егіпет, Гамбія і Намібія (пры ўмове, калі ў грамадзян гэтых краін ужо ёсць шматразовая шэнгенская віза), а таксама Сейшэлы.

Як бачым, ні Сірыі, ні Афганістана, ні Ірака ў спісе на бязвіз няма.

У гэты спіс уключаны краіны з міграцыйна бяспечным статусам, а па многіх нават уключаных у спіс краінах падстрахоўваліся тым, што турыст павінен ужо мець шматразовую шэнгенскую візу, то-бок прайсці дадатковы кантроль з боку еўрапейскіх уладаў.

Відавочна, што людзі, якія цяпер захраслі на беларускай мяжы, шэнгенскіх віз не маюць, інакш бы яны праходзілі мяжу легальна — праз пункты пропуску.

Таксама варта адзначыць, што замежнікі, якія прыбываюць ці па візе, ці без візы павінны зарэгістравацца ў Беларусі па месцы фактычнага часовага знаходжання — у гатэлі, на кватэры, але натуральна, што месцам знаходжання не можа быць лес у прымежнай зоне. За парушэнне правілаў рэгістрацыі прадугледжваецца адміністратыўная адказнасць. Адсочваць гэта павінна міліцыя.

Па-другое, незразумела, пра якую вайну кажа Качанава, на цяперашні момант актыўных вайсковых дзеянняў у названых краінах няма. Можна казаць хіба што пра наступствы вайны, але не пра актыўную фазу.

Па-трэцяе, аргумент «яны едуць на працу» ўвогуле не вытрымлівае ніякай крытыкі. Працоўныя мігранты павінны сабраць пакет дакументаў, атрымаць візу, і толькі тады яны могуць ехаць на працу ў краіны ЕС, як гэта робяць, напрыклад, беларусы, якія ўладкоўваюцца на працу ці то ў Польшчу, ці то ў Германію. І ў такім выпадку называць такіх людзей «бежанцамі» ўвогуле не выпадае. 

Варта адзначыць, што беларускія ўлады адкрыта кажуць, што мігранты з Усходу «людзі не бедныя» і прызнаюць, што прынамсі незаконнаму выезду з Беларусі спрыяюць тыя, хто знаходзіцца ўнутры нашай краіны. 

«Так, цяпер яны знайшлі дзірку ў Беларусі, — заяўляе Лукашэнка. — Яны прылятаюць да нас законна, у аэрапорт, у які калектыўны Захад не пускае нікога са сваіх авіякампаній. Святое месца пустым не бывае. Сюды дзясяткамі рынуліся самалёты з Блізкага і Дальняга Усходу, са зруйнаваных дзяржаў.

Учора ўпершыню яны сканцэнтраваліся ў розных месцах — у Мінску, у лясах. Іх падвезлі туды. Я ж кажу, транзіт забяспечваюць людзі. Там (за мяжой — заўв. НН) у самалёт пасадзяць, самалёт прыляціць, тут іх возьмуць, на мяжу адвязуць і перавядуць праз мяжу, а там іх ужо прымаюць свае — палякі, немцы, украінцы. І ўсё за грошы. Гэта ж не бедныя людзі едуць адтуль, а калі і бедныя, ім сабралі грошы. Мы ўвесь гэты ланцужок цалкам адсочваем». 

За арганізацыю, ці кіраўніцтва, ці садзеянне незаконнаму ўезду ў Беларусь, знаходжанню на тэрыторыі Беларусі, транзіту праз Беларусь ці выезду з Беларусі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства прадугледжана крымінальная адказнасць — да 5 гадоў пазбаўлення свабоды (арт. 371-1 КК). Аднак пакуль беларускія сілавікі не спяшаюцца заводзіць крымінальныя справы на тых, хто, як кажа Лукашэнка, адвозіць замежнікаў да мяжы і пераводзіць іх праз мяжу. 

Чытайце таксама:

Якія беларускія законы парушаюць мігранты ў памежнай зоне? Разбіраемся

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0