Гэта вынікае з закона № 144-З, які быў апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Ён набудзе моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.
Крымінальны кодэкс дапоўнілі яшчэ адным артыкулам 193-1 «Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці».
«Арганізацыя дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, у дачыненні да якіх рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа аб іх ліквідацыі ці прыпыненні іх дзейнасці, а роўна арганізацыя дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 423-1 гэтага Кодэкса, — караюцца штрафам, або арыштам, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў».
У артыкуле ёсць некалькі заўваг, якія тлумачаць, што азначае ўдзел у дзейнасці «палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду», у якім выпадку дзейнасць не падпадае пад дзеянне новага артыкула, а таксама ў якіх выпадках можна пазбегнуць крымінальнай адказнасці.
Акрамя таго, паводле новага закона, з Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях выключаецца артыкул 24.57 «Незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці».
Але артыкул 24.23 КаАП дапоўнілі новым пунктам.
«Збор, атрыманне, выкарыстанне грашовых сродкаў, іншай маёмасці, у тым ліку маёмасных правоў, а таксама выключных правоў у вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, а роўна выкананне работ, аказанне паслуг для мэт кампенсацыі выдаткаў, звязаных з прыцягненнем асобы да адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад пяці да трыццаці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння або без канфіскацыі, а на юрыдычную асобу — да ста працэнтаў ад сумы (кошту) прадмета адміністрацыйнага правапарушэння з яго канфіскацыяй або без канфіскацыі».
Новы закон набудзе моц праз 10 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.
У беларускім заканадаўстве да 2018 года існаваў артыкул, які забараняў дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый — 193-1, але пасля яго адмянілі. Замест крымінальнай адказнасці за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях увялі адміністрацыйную: у межах артыкула 23.88 КаАП (цяпер 24.57).
Але на пачатку 2021 года ў Беларусі з’явіўся артыкул 423-1 КК: «Невыкананне рашэння аб прызнанні арганізацыі, дзейнасці індывідуальнага прадпрыемства экстрэмісцкімі, аб спыненні дзейнасці і прадстаўніцтва замежнай ці міжнароднай арганізацыі і (ці) прыпынення іх дзейнасці.
Цяпер крымінальная адказнасць будзе тычыцца ўдзелу не толькі ў арганізацыях, прызнаных экстрэмісцкімі, а агулам ва ўсіх, якія дзяржава ліквідавала ці не захацела афіцыйна рэгістраваць.
«Практыка прымянення зноў будзе максімальна шырокай — на меркаванне следчага і пракуратуры. Гэта прававы крок назад, бо артыкул з такім зместам і раней моцна крытыкавалі праваабаронцы, таму што ён максімальна неканкрэтны. Што такое дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі? Фармальна, калі ты сябруеш з нейкім праваабаронцам, неяк яму дапамагаў, табе могуць прыпісаць удзел у дзейнасці структуры, да якой ён мае дачыненне»,
— выказваў асцярогі «Нашай Ніве» юрыст Андрэй Мачалаў пасля анансавання прыняцця зменаў у заканадаўстве.