Фота: Спутнік
«Для таго, каб забіваць украінцаў, Пуціну вельмі патрэбныя падтрымка вайны ўнутры Расіі. І першае, што трэба разумець: ніякай 75-адсоткавай падтрымкі вайны з Украінай у Расіі няма. Гэта хлусня Крамля, — сцвярджае Навальны. — У Расіі за паўтара месяца закрылі і заблакавалі ўсе незалежныя СМІ, у тым ліку даволі асцярожныя. Хіба гэта спатрэбілася б, калі б у вайны з Украінай сапраўды была такая падтрымка?»
Праз цэнзуру і прапаганду ў большасці расіян складваецца зусім скажонае ўяўленне пра вайну ва Украіне, але нават нягледзячы на блакаванне сацыяльных сетак больш за 85% дарослых грамадзян Расіі штодня карыстаюцца сэрвісамі Meta (Facebook, Instagram, WhatsApp) і Google (YouTube), піша палітык.
Навальны лічыць, што ў гэтых сацыяльных сетках павінна быць запушчаная маштабная антываенная кампанія, нацэленая на расійскіх карыстальнікаў.
Нам патрэбная рэклама. Шмат рэкламы. Велізарная нацыянальная антываенная кампанія пачнецца з кампаніі рэкламнай. 200 мільёнаў паказаў у дзень, каб дастаць кожнага расійскага інтэрнэт-карыстальніка двойчы. Сторыз, пасты і прэролы. Па ўсёй Расіі, у гарадах і вёсках. У кожным планшэце і кожным тэлефоне.
Палітык заклікаў прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Борыса Джонсана, прадстаўнікоў Еўрасаюза Урсулу фон дэр Ляен і Жазэпа Барэля закупіць рэкламныя пасты ў сацыяльных сетках, каб распавядаць расіянам праўду пра вайну ва Украіне.





