Ліна Кушч у Данецку. Фота: асабісты архіў

Ліна Кушч у Данецку. Фота: асабісты архіў

«Тысячы людзей крычалі: «Расія, Расія!» Яны не былі падобныя да мясцовых»

«Вайна для мяне пачалася, калі на цэнтральнай вуліцы Данецка адбыўся вялізны прарасійскі мітынг. Гэта было 1 сакавіка 2014-га. Раней у нас у горадзе прарасійскія сілы дзейнічалі, але яны ніколі не былі прадстаўлены ў мясцовых саветах. Да 2014-га іх акцыі набіралі па 100-150 чалавек, і тое, калі да іх яшчэ далучацца камуністы. Для мяне ўсё стала шокам. Тысячы людзей крычалі: «Расія, Расія!». Фактычна гэта было пачаткам уварвання.

Большасць удзельнікаў гэтай буйной дэманстрацыі прывезлі з Расіі. Мы іх празвалі «палітычнымі турыстамі». Бачылі людзей, якія пыталіся, як прайсці на цэнтральную плошчу. Было зразумела, што яны не мясцовыя. Я ў іх цікавілася, хто яны і адкуль прыехалі. Адказвалі, што шахцёры з маленькіх гарадоў побач з Данецкам, але назваць іх не маглі», — кажа жанчына.

Многія ў сілавых структурах, якія тады былі павінны абараняць горад, пачалі падтрымліваць дзеянні Расіі. «Як такое можа здарыцца?» — гэты факт у Ліны не ўкладваўся ў галаве. 

Мітынг у Данецку 1 сакавіка 2014. Фота: асабісты архіў

Мітынг у Данецку 1 сакавіка 2014. Фота: асабісты архіў

«Паліцыя сама адчыніла дзверы мітынгоўцам у будынак, дзе дэпутаты ў той момант прагаласавалі супраць правядзення рэферэндуму аб стварэнні «ДНР». Гэтыя людзі хацелі дамагчыся вяртання дэпутатаў на месцы і таго, каб яны прынялі рашэнне «за».

Журналісты ў сілавікоў пыталіся, чаму спецслужбы не працуюць, чаму няма супрацьстаяння. Яны адказвалі, што іх задача — здацца перад перавышаючымі сіламі суперніка.

У СБУ захоплівалі зброевыя пакоі практычна без супраціву. А яшчэ бачыла, як журналісты-тэлевізіёншчыкі наймалі сабе ахову. У асноўным гэта былі паліцыянты. Яны падтрымлівалі захопнікаў, а з рэпарцёрамі знаходзіліся, бо за працу заплацілі. Я тады сама працавала журналісткай. Усе свае пасведчанні мы тады схавалі, нельга было паказваць, што ты адносішся да якога-небудзь украінскага медыя. Пачалося актыўнае паляванне на журналістаў.

Бараніць людзей не было каму — аглушальнае адкрыццё на той момант. Сілавікі проста перасталі выконваць сваю працу», — дзеліцца яна. 

«У Данецку сапраўды былі людзі, якія трызнілі ідэямі федэралізму»

Сігналам для Ліны, што ўсё сур’ёзна, стаў мітынг, які адбыўся 13 сакавіка 2014-га. Тады на цэнтральнай плошчы ўлады дазволілі правесці адразу дзве акцыі: прарасійскую і праўкраінскую.

«Расіяне сталі закідваць украінцаў бутэлькамі з фарбай, а потым светлашумавымі гранатамі, — згадвае яна. — Частку нашай групы акружылі, сагналі да аўтобуса. У ход пайшлі абрэзкі труб, арматура. Білі моцна. Тады загінуў актывіст Дзмітрый Чарняўскі. Я стаяла збоку, трэба было дачакацца канца акцыі, каб перадаць журналістам, чым усё гэта скончыцца. Бачыла, як расіяне патрабавалі, каб украінцы сталі на калені. Усяляк хацелі іх прынізіць».

Праз некаторы час Ліна зразумела, што да 2014 года было вельмі шмат ліній, па якіх стваралі лаяльнасць да Расіі. Нават простыя мерапрыемствы на тэму культуры. 

«З іншага боку, у Данецку сапраўды былі людзі, якія трызнілі ідэямі федэралізму. А яшчэ тыя, хто выступаў за арыентацыю на Расію. Вялікая колькасць бізнэсменаў была зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Расіяй.

Дарэчы, аргументы, якімі Віктар Януковіч падмацоўваў адмову падпісання ў 2013 годзе пагаднення з ЕС аб ​​супрацоўніцтве, — што прадстаўнікі бізнэсу, дырэктары прадпрыемстваў не змогуць экспартаваць прадукцыю ў Расію. І Украіна пазбавіцца гэтага кавалка заробку.

У нас у рэгіёне яшчэ задоўга да 2014 года Расія стала рыхтаваць сваіх агентаў. Людзі, якіх я ведала па ранейшай звычайнай працы, з’явіліся на пасадах міністраў, кіраўнікоў новых структур, што стварылі расіяне. Гэтыя мае знаёмыя, дарэчы, часта перад вайной ездзілі ў Маскву. Аказалася, што іх там рыхтавалі, а мы з імі размаўлялі і нават не падазравалі.

Многія мае добрыя прыяцелі, з якімі ў мяне да гэтага былі нармальныя адносіны, з прыходам расіян перайшлі на іх бок. У маёй роднай школе, дзе я вучылася, дырэктарка адразу сышла і з'ехала, а на яе месца прыйшла мая аднакласніца. За дапамогу ў правядзенні чарговых выбараў у «ДНР» яна потым атрымала ордэн. Для мяне асабіста гэта быў удар. Чалавек стаў апорай гэтага рэжыму. З іншага боку, хто раней ніяк не дэманстраваў свае погляды ў гэты момант праявіў праўкраінскую пазіцыю», — расказвае жанчына. 

«З’ехала ў адпачынак, у канцы якога даведалася, што вяртацца няма куды»

Першыя баявыя дзеянні ў Данецку, якія памятае Ліна, былі 26 мая 2014 года. Гэта была бітва за аэрапорт.

«Тады я ўбачыла, пачула выбухі, страляніну. Мы з мужам змаглі пераканаць сына разам з нашымі бацькамі з'ехаць. Было важна зрабіць так, каб побач не знаходзіліся людзі, якія ад нас залежалі б.

На пад'ездах з'явіліся абвесткі з інфармацыяй пра бамбасховішчы, але тады я не памятаю, каб на іх быў ажыятаж. Людзі нават не скуплялі прадукты. Усё, што мне кідалася ў вочы, — гэта пустыя вуліцы, паркі. Відаць, насельніцтва вырашыла, што так, не навідавоку, будзе прасцей перажыць гэтую трагедыю».

У ліпені 2014-га Ліна разам з сям’ёй з’ехала ў адпачынак, у канцы якога даведалася, што вяртацца ім няма куды. У горад са Славянска і Краматорска ўвайшлі расійскія войскі.

«Зразумелі, што назад дарогі няма. У Кіеве жыла мая сястра, паехалі да яе. З сабой былі нейкія летнія рэчы, усё астатняе засталося ў Данецку.

Сям'я Ліны ў Данецку перад тым, як з'ехаць у адпачынак. Фота: асабісты архіў

Сям'я Ліны ў Данецку перад тым, як з'ехаць у адпачынак. Фота: асабісты архіў

Першае, што мы купілі, — надзіманы матрац. Спальных месцаў не хапала. У знаёмых прасіла коўдры, падушкі. Многія актыўна дапамагалі, людзі адгукнуліся. З-за недахопу месца ў кватэры мы ездзілі начаваць па знаёмых. Маральна тады было вельмі цяжка. Прачыналася раніцай і не магла зразумець, дзе знаходжуся. Як змірыцца, што наш дом страчаны? І не зразумела, на які час.

Наш сын цяжка прывыкаў да новага горада. Я ў Кіеве раней была, вучылася, а ён не. Не радавала школа, нейкія мерапрыемствы, сам горад. Цягам года ў яго быў такі стан.

Дамовіліся, каб нашу кватэру ў Данецку даглядалі. Праз нейкі час нават удалося перадаць нам частку рэчаў, але далёка не ўсё», — кажа жанчына.

Апошні раз у Данецку яна была ўвосені 2014-га. Тады яшчэ хадзілі цягнікі і маршруткі. 

«Нават былі аўтобусы ў Марыупаль. Мы праязджалі блокпасты ўкраінскія і расійскія, але гэта не выглядала як паўнавартасная мяжа. У параўнанні з тым, які кантроль зараз там дзейнічае, тады ён быў слабы. У Данецку я была ўсяго толькі адзін дзень. Для мяне ён заставаўся родным горадам», — дзеліцца Ліна.

«Нават людзі з інваліднасцю атрымлівалі позвы ў ваенкамат»

Усе восем гадоў Ліна не забывалася, што ідзе вайна. Яна падтрымлівала кантакты з людзьмі ў Данецку і ёй было зразумела, што ў 2022-м можа пачацца маштабны наступ. 

«Асабліва, калі мне патэлефанавалі і расказалі, што ў «ДНР» ідзе мабілізацыя. Нават людзі з інваліднасцю атрымлівалі позвы ў ваенкамат, насельніцтва без якога-небудзь вайсковага досведу. Забралі ў армію там аднаго знаёмага. Цяпер з ім няма сувязі: альбо ваюе, альбо ўжо загінуў. Невядома.

Пра такія ракетныя ўдары, вядома, тады ніхто не ўяўляў. Я яшчэ разважала, што для таго, каб пайшлі танкі, трэба, каб прасохла зямля. А гэта не раней за другую палову красавіка. Такі мой прагноз быў. Паколькі я з Данецка, многія знаёмыя пыталіся, калі будзе наступ. А я ім адказвала, каб яны прывялі ў парадак усе дакументы і паглядзелі варыянты, куды можна з'ехаць.

Мы, данецкія, заўсёды павінны быць гатовыя да вайны».

У дзень маштабнага нападу Расіі на Украіну ў гэтым годзе Ліна, як і большасць людзей, прачнулася раніцай ад моцных выбухаў у Кіеве. Жанчыне зноў прыйшлося бегчы ад вайны. 

«Мы выехалі ў Чарнаўцы 25 лютага. Сітуацыя за гэтую ноч вельмі змянілася. Ужо былі баявыя дзеянні ў Ірпені, у сёлах, якія побач. Ехалі двое сутак, я сама была за рулём. Пераначавалі тады ў Вінніцкай вобласці ў інтэрнаце мясцовага тэхнікума.

Сын, які ў 2014-м успрымаў усё вельмі цяжка, аказаўся зараз падрыхтаваным лепш за ўсіх. Раніцай 24 лютага ў яго быў сабраны заплечнік. Нягледзячы нават на тое, што мы з ім не абмяркоўвалі, што трэба ўзяць. Рыхтавалі толькі месцы ў кватэры, якія будуць бяспечныя пры абстрэле.

Калі прыехалі ў Чарнаўцы, зразумелі, якія рэчы не ўзялі, а ў яго ўсё неабходнае было. Для вучобы, дарэчы, ён усё забраў.

І на гэты раз зноў першае, што мы купілі, быў надзіманы матрац».

Чытайце таксама: 

Пакінуты горад. Беларуская валанцёрка распавяла, што пабачыла ў Чарнігаве пасля аблогі

Украінцы ліквідавалі на Данбасе вядомага палявога камандзіра з «ЛНР»

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
52
Абуральна
2