З 1 мая чыноўнікі павышаюць ПДВ на паслугі перадачы даных — з 25 да 26%. Прычым такі памер падатку устанавілі на 2022 год, гэта значыць, ён пачаў дзейнічаць задняй датай — з 1 студзеня гэтага года. Раней падатак на паслугі электрасувязі павышалі ў 2017 годзе — з 20% да 25%, піша Zerkalo.io.

Некаторыя мабільныя аператары з-за гэтага новаўвядзення з 1 мая падымуць тарыфы на свае паслугі. Пра такое рашэнне абвясцілі А1 і МТС, але не ўдакладнілі, наколькі вырастуць тарыфы.

«Змяненне стаўкі ПДВ таксама прымяняецца да абаненцкай платы комплексных тарыфных планаў і пакетаў, якія ўключаюць у сябе паслугі перадачы даных па каналах сотавай рухомай і стацыянарнай электрасувязі. Пераразлік кошту тарыфаў з улікам ПДВ будзе праведзены 1 мая 2022 года», — паведамляе А1.

«З 1 мая 2022 года ПДВ па стаўцы ў памеры 26% абкладаюцца абароты па рэалізацыі паслуг перадачы даных. Змена закране паслугі перадачы даных, што аказваюцца абанентам сотавай рухомай электрасувязі і фіксаванага інтэрнэту. Падрабязная інфармацыя аб тарыфах будзе размешчаная 1 мая», — адзначае МТС.

Пры гэтым аператар life:) заявіў, што не будзе з 1 мая падымаць тарыфы з-за павышэння ПДВ.

«1 мая 2022 года ПДВ на паслугі перадачы даных павялічваецца на 1% і складзе 26%. Гэта тычыцца інтэрнэт-пакетаў, комплексных тарыфных планаў, у якія ўваходзіць інтэрнэт, і тарыфікацыі інтэрнэт-трафіку, не ўключанага ў пакет. ПДВ для ўсіх астатніх паслуг, а гэта тарыфы без інтэрнэту, пакеты хвілін і дыджытал-сервісы, застануцца ранейшым — 25%. Кошт нашых паслуг 1 мая не зменіцца», — удакладняе life:).

Нагадаем, з 1 мая павысіць тарыфы на некаторыя паслугі сувязі таксама «Белтэлекам». З наступнага месяца падаражэюць асобныя тарыфныя планы па тэлебачанні, а таксама некаторыя пакеты з дамашнім інтэрнэтам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру