Здымак ілюстрацыйны. Фота: delfi.lt
18 сакавіка стала вядома, што Літва ўвяла абмежаванні ў 60 еўра на вываз наяўных еўра ў Беларусь і Расію. Як паведамлялася, гэтыя ліміты тычацца ў тым ліку гатоўкі для асабістых патрэб.
«Колькасць наяўных грошай у іншай валюце не абмежаваная», — тлумачылі ў мытні.
Удакладнялася, што абмежаванні не тычацца дыппрадстаўніцтваў і міжнародных арганізацый у Беларусі ці Расіі, якія карыстаюцца імунітэтам у адпаведнасці з міжнародным правам.
Аднак 25 сакавіка на сайце мытнай службы Літвы з'явілася ўдакладненне, што пад абмежаванне ў 60 еўра таксама не трапляюць наяўныя для асабістага карыстання фізічных асобаў, якія едуць у Беларусь ці Расію. Гэтыя абмежаванні таксама не распаўсюджваюцца на найбліжэйшых сваякоў, якія падарожнічаюць з імі.
«Літаральна праз тыдзень пасля 18 сакавіка ўсё перайгралі», — удакладняе падарожнік у адной з груп у Фэйсбуку, у якой абмяркоўваюць паездкі з Беларусі ў Літву і назад.
«Ліміт 60 еўра як такі адменены, фізічныя асобы могуць правозіць наяўныя еўра для ўласных патрэб, але пры ўзнікненні пытанняў трэба мець абгрунтаванне, для чаго яны вам, — піша яшчэ адзін удзельнік групы. — Межы разумнай неабходнасці будзе вызначаць мытнік, але гэта дакладна значна больш за 60 еўра».
Журналіст Zerkalo.io як фізасоба патэлефанаваў у мытную службу Літвы, дзе пацвердзілі, што для асабістага карыстання падарожнікі могуць вывозіць з краіны ў Беларусь больш, чым 60 еўра. Пры гэтым сказаць, якую максімальную суму можна правозіць, у ведамстве не змаглі.
Спецыяліст удакладніў, што на мяжы па патрабаванні мытных службаў пры неабходнасці трэба пацвердзіць, што наяўныя ўвозяцца для асабістых патрэб.
На ўдакладняючае пытанне, ці можна правезці ў Беларусь, да прыкладу, 1500 еўра, каб перадаць іх сваякам, у мытнай службе не змаглі адказаць, але ўдакладнілі, што рашэнне па кожнай канкрэтнай сітуацыі мытнікі будуць прымаць індывідуальна пры перасячэнні мяжы.





