На гэтым тыдні ў Італіі праходзіць самы папулярны еўрапейскі музычны конкурс. Беларусь і Расія ў ім не ўдзельнічаюць: Расію адхілілі з-за ўварвання ва Украіну, а беларусаў няма каму адпраўляць, бо БТ выключылі з еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Найлепшым вынікам нашых канкурсантаў застаецца шостае месца Дзмітрыя Калдуна ў 2007 годзе. У астатнім дасягненні Беларусі вельмі сціплыя — 10 разоў з 16 нават не выходзілі ў фінал. 

Упершыню беларусы паехалі на «Еўрабачанне» ў 2004 годзе. На конкурс у Стамбул адправілі фолк-дуэт «Аляксандра і Канстанцін» з англамоўнай песняй «My Galileo» і мінімалістычным нумарам.

Рашэнне адправіць фолк-песню з народнымі матывамі цяпер выглядае прагрэсіўным. Хаця ў выніку дуэт не займеў міжнароднага поспеху: ён падзяліў 3-4 месцы з канца ў паўфінале (тады паўфінал быў толькі адзін) і далей не прайшоў.

Далей доўгі час ад Беларусі ездзілі стандартныя англамоўныя нумары, якія ў тэорыі маглі паехаць ад любой іншай краіны.

Так, у 2006 годзе ў Афінах выступала Паліна Смолава. Нумар запомніўся хіба што ультракароткімі шортамі спявачкі, але лёгкага эратызму гледачы не ацанілі. Магчыма, з-за звышдынамічнага нумара.

Перадапошняе месца ў паўфінале — антырэкорд на сённяшні дзень.

У 2008-м, праз год пасля поспеху Калдуна, яго, відаць, пажадалі палепшыць, скрыжаваўшы імідж мінулагодняга беларускага канкурсанта з іміджам Дзімы Білана. З такой складанай задачай і песняй «Hasta la vista» ў Сербію адправілі Руслана Аляхно

Спявак місію праваліў — толькі 17-е месца з 19 паўфіналістаў. Праз 13 гадоў Аляхно напрацаваў на званне заслужанага артыста Беларусі ад Лукашэнкі.

У 2011 годзе здарылася другая спроба скарыць «Еўрабачанне» беларускім «фальклорам». На конкурс паехала нікому дагэтуль не вядомая спявачка Настасся Віннікава з песняй «I love Belarus», якая пачыналася з магутнага ўступу на цымбалах.

Віннікава не выйшла ў фінал, што моцна тады абурыла Аляксандра Лукашэнку. На наступны дзень пасля паўфінала ён сказаў наступнае:

«Так, мы ім [Захаду] не падабаемся, таму што яны бачаць у нас канкурэнтаў. І будуць душыць, душыць па ўсіх кірунках. На «Еўрабачанні» будуць душыць, як учора гэтую дзяўчынку. Ну, малайчына! Супала ўсё: і паводзіны, і твар, і песня. Яна праспявала гімн Беларусі. Хто ж яе прапусціць з гімнам Беларусі?»

Так званы «гімн Беларусі», напісаны цяперашнім прыдворным кампазітарам Яўгенам Алейнікам, абвінавачвалі ў плагіяце на песню «Гуляй, мужык» гурта «Сектар газа».

Але яшчэ больш трэшова выглядае іншая песня, з якой Віннікава збіралася ехаць спачатку. Яе прыпеў пачынаўся са слоў «Born in Bielorussia [Белараша], USSR [СССР]». 

Пасля «Еўрабачання» пра спявачку Віннікаву больш нічога не чулі.

У 2016 годзе на конкурс паехаў IVAN, праект расійскага прадзюсара Віктара Дробыша. Хоць тады быў найлепшы вынік з тых беларускіх песень, якія не прабіліся ў фінал, візуал нумара ў спевака быў дзіўнаваты — у пачатку аголены Айвэн дакранаўся да ваўка і пачынаў спяваць.

Паездка на «Еўрабачанне» не дапамагла кар'еры маладога беларуса. У 2022 годзе ён ездзіць за грошы спяваць у прапагандысцкіх канцэртах на Данбас.

Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і жудасных рэпрэсій, якія выклікалі ўвядзенне еўрапейскіх санкцый, у 2021 годзе Белтэлерадыёкампанія вырашыла адпомсціць «калектыўнаму Захаду» і адправіць на «Еўрабачанне» правінцыйны калектыў «Галасы ЗМеста» з рускамоўнай песняй «Я научу тебя».

Песня выклікала хвалю абурэння і зваротаў да Еўрапейскага вяшчальнага саюза аб дыскваліфікацыі Беларусі. Пасля арганізацыя заявіла, што калі беларусы не зменяць кампазіцыю, то ніякага «Еўрабачання» не відаць.

Тады «народны гурт» з Баранавічаў выпусціў новую песню, на гэты раз пра зайчыкаў.

У выніку Беларусь забанілі, а прапаганда правал пачала апраўдваць тым, што нарэшце не давядзецца беларусам удзельнічаць і глядзець палітычны конкурс, дзе выступаюць адны трансвестыты. 

Цяпер жа беларусам толькі і застаецца, што заўзець за іншых канкурсантаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру