Гітанас Наўседа

«Пуцін пачаў з Украіны. Але ясна, што ў яго ёсць больш маштабныя планы, такія як разбурэнне ўсёй архітэктуры еўраатлантычнай бяспекі», — заявіў Наўседа падчас пасяджэння Парламенцкай асамблеі НАТА ў Вільні ў панядзелак.

Прэзідэнт Літвы падкрэсліў, што НАТА таксама атрымлівала патрабаванні і ўльтыматумы Расіі «з выразнымі намёкамі на Балтыйскі рэгіён». 

Наўседа таксама звярнуў увагу на тое, што ў сувязі з тым, што дэ-факта Беларусь стала часткай Расіі, умовы бяспекі ў Балтыйскім рэгіёне рэзка змяніліся, а час для рэагавання НАТА зводзіцца да нуля.

«Таму мы павінны зрабіць усё, каб Пуцін ніколі не адважыўся праверыць нашы межы і рашучасць НАТА», — сказаў літоўскі лідар.

Наўседа сказаў, што вайна ў Еўропе патрабуе неадкладных зменаў у палітыцы стрымлівання і бяспекі НАТА. Неабходна ўмацаваць Сілы перадавога базавання НАТА ў Літве, павялічыўшы кантынгент з узроўню батальёна да брыгады.

«Мы таксама павінны зразумець, што Расія — гэта пагроза, якая доўга не знікне. Таму мы павінны выразна агучыць, што Расія ўяўляе сабой вялікую і доўгатэрміновую пагрозу для ўсяго еўраатлантычнага рэгіёна», — сказаў літоўскі кіраўнік.

Ён таксама заявіў, што Расія свядома пайшла на разбурэнне сусветнага парадку і што пасля 24 лютага не можа быць ніякіх ілюзій. Неабходна ўсвядоміць, што «сумневы, пасіўнасць і міралюбнасць будуць толькі спрыяць далейшай агрэсіі».

Прэзідэнт Літвы таксама сказаў, што ён быў шакаваны заклікамі да Украіны перадаць свае тэрыторыі Расіі, каб пакласці канец вайне.

«Мы жывём у вельмі цяжкія і цёмныя часы, але мы ёсць адзін у аднаго, а таксама нашы агульныя каштоўнасці. Гэта фундамент, які мы ніколі не павінны падвяргаць сумневу або прадаваць. У нас таксама ёсць агульны абавязак — быць на правільным баку гісторыі», — падкрэсліў літоўскі лідар. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру