Выступы ў Лізе Нацый летам 2022-га паставілі беларускую зборную на калені. Фота: abff.by

Беларуская футбольная зборная — бы той Лятучы Галандзец. Карабель-прывід, што вандруе без аніякай мэты па марах-акіянах ды пужае люд шумам-тлумам вакол сябе. Вось толькі калі прыглядаешся да судна больш пільна, высвятляецца: ветразі ў яго парваныя, механізмы паржавелі, а каманда з капітанам настолькі бездапаможная ды абыякавая да ўсяго, што нават элементарных каманд не выканае. І якімі б амбіцыямі-ўпрыгожваннямі ні аздабляла адміралцейства АБФФ свайго флагмана, фрэгат «Палада» на словах на справе выходзіць яхтай «Бяда». І вось чаму…

Зборная не мае ідэі

Чатыры летнія матчы Лігі Нацый «белакрылыя» правялі без перамог, адзначыліся ўсяго раз і лагічна апусціліся на самае дно дывізіёна «С», страціўшы нават матэматычныя шанцы на павышэнне ў класе. Пры гэтым у саперніках каманды Георгія Кандраццева хадзілі не чэмпіёны свету з Францыі альбо італьянцы, каралі футбольнай Еўропы. Наадварот, групу 3 камплектавалі такія ж па ўзроўні каманды, што і айчынная — напрыклад, зборная Азербайджана, якая мела серыю з 13 афіцыйных матчаў без перамог. Тым не менш беларусы прайгралі як «хлопцам з Баку», так і Казахстану — зборнай, перад якой ніколі раней не скараліся.

«Мы аналізавалі папярэднія гульні, рабілі сякія-такія высновы, напрацоўвалі сякія-такія сувязі, генеравалі сякія-такія ідэі. Таму да змагання гатовыя», — сцвярджаў асістэнт галоўнага трэнера Дзмітрый Раўнейка. Але на справе выявілася, што калектыў як рыхтаваўся, так і згуляў. Сяк-так. З баязлівай тактычнай схемай, дзе фігуравалі ажно пяць абаронцаў, якія ўсяго раз за лета захавалі браму Паўла Паўлючэнкі недатыкальнай. З адсутнасцю ініцыятывы ў наступе — контратакі і чаканне памылак саперніка прынеслі «белакрылым» усяго адзін гол за 360 хвілін, і той са стандарту. З правальнымі стратэгічнымі задумамі ды аўральнымі заменамі ў перапынку альбо нават падчас першага тайма…

Рэаліі беларускай футбольнай зборнай у 2022 годзе. Карыкатура: Сяргей Белазёраў

Гэта не толькі пралік галоўнага трэнера разам са штабам, але і прысуд кіраўніцтву АБФФ. Тым людзям, што прызначалі на «пасаду нумар адзін» чалавека без канцэпцыі ды бачання структуры гульні, прыгоднай для выканаўцаў 2022 года.

Горш за тое, Кандраццева паставілі на пасаду, абапіраючыся на былыя заслугі: выбітны досвед форварда ў 1980-я, чэмпіёнства разам з мінскім «Дынама», медалі моладзевага першынства Еўропы-2011 і, як следства, выхад на Алімпіяду ў наступным годзе. Але з тых часоў мінула цэлая вечнасць, за якую Георгій Пятровіч ні ў чым не ўдасканаліўся. Хутчэй, наадварот, захрас у мінулым ды забранзавеў. Як і босы федэрацыі, што яго прызначалі. Старшыня АБФФ Уладзімір Базанаў і цяпер называе залатым часам 1982-і, калі сталічнае «Дынама» перамагло ў першынстве СССР, а яго намеснік Юрый Вяргейчык ледзьве не ў кожным інтэрв'ю хваліцца, як зрабіў салігорскі «Шахцёр» чэмпіёнам у 2005-м.

Зборная не мае твару

За апошнія два гады галоўная каманда краіны змянілася так, што яе не пазнаюць нават адданыя заўзятары, не кажучы ўжо пра сярэднестатыстычнага аматара спорту. Траціну Базанаў з паплечнікамі вычысцілі ледзьве не адразу, як увабраліся ў сілу. Тыя, хто меў уласную думку, карыстаўся аўтарытэтам у распранальні ды не баяўся голасна акрэсліць пазіцыю на той ці іншы конт (не абавязкова футбольны), выводзіліся са складу з-за штучных падстаў. Капітан Мартыновіч, які ігнаруе парады босаў АБФФ, стары. Маеўскі занадта шчырыя інтэрв'ю дае. Драгун празмерна актыўны з допісамі ў Інстаграме. Няхайчык увогуле бегае абдымацца да трыбун з заўзятарамі, дзе лунае бела-чырвона-белы сцяг…

У выніку каманда, дзе павінны гуляць найлепшыя, ператварылася ў дзіцяча-юнацкую секцыю, куды вядзецца штучны адбор.

Далей пайшлі выкрэсліваць прозвішчы «свядомых» гульцоў, што асудзілі гвалт у 2020-м альбо паставілі пад сумнеў празрыстасць выбарчага працэсу тым жніўнем. Людзям кшталту Аляксандра Гутара закрылі шлях не толькі ў зборную, але і ў клубы беларускага першынства. Тады як на Іллю Шкурына, што абвясціў пра адмову гуляць за зборную пры ўладзе Лукашэнкі, увогуле распачалося паляванне — АБФФ спрабавала «забаніць» форварда на ўсіх узроўнях у сістэме УЕФА.

Сёлета ж Кандраццеў з памочнікамі вымушаны быў «забыцца» на гульцоў, што выказаліся супраць расійскай агрэсіі ва Украіне. З-за чаго без выкліку ў абойму застаўся, напрыклад, Мікалай Золатаў. Як вынік, праз склад «белакрылых» з 2020-га прайшло больш за 60 чалавек, але ні лідара, ні касцяка мы не пабачылі. Больш за тое, галоўную каманду краіны пачалі ігнараваць нават тыя юныя таленты, на якіх АБФФ ускладала вялікія надзеі. Скажам, Віталь Лісаковіч нават слухаўку не стаў здымаць, калі Кандраццеў апошнім разам спрабаваў выклікаць яго на матчы Лігі Нацый. А гэта ж бадай адзіны форвард новай генерацыі, чый талент не ставіцца пад сумнеў нават у расійскай прэм'ер-лізе.

Віталь Лісаковіч, нягледзячы на маладосць, цудоўна асэнсоўвае крызіс унутры зборнай. Фота: abff.by

Вось і атрымліваецца, што пасля паражэнняў апраўдвацца перад нацыяй даводзіцца ноўнэймам кшталту Хадаркевіча, Клімовіча альбо Быкава — людзям, якім пры рэальнай канкурэнцыі ды адэкватным фармаванні складу, месца ў зборнай не знайшлося б нават на лаўцы. Між тым, менавіта іх федэрацыі даводзіцца паказваць на постарах ды праграмках да гульняў: падпісацца пад праўладным лістом цяпер дастаткова, каб стаць тварам «белакрылых».

Зборная не мае заўзятараў

Дарэчы, на твар гэты няма каму глядзець. З-за міжнародных санкцый галоўная каманда краіны хатнія гульні праводзіць за мяжой. І на падтрымку з трыбун разлічваць не можа: нават калі б знайшліся ахвочыя выправіцца, скажам, у Сербію, на стадыён іх не прапусцілі б — такія жорсткія ўмовы «бану» ад УЕФА. З іншага боку, ці засталіся ўвогуле яшчэ энтузіясты, якім зборная неабыякавая? Згадайце, як прымусова звозілі народ на «Дынама» ўвосень 2020-га, каб імітаваць народную любоў. Пры поўнай пасіўнасці «тарсіды» самы яркі перфоманс зладзіў намеснік старшыні АБФФ Ботнікаў.

За паўтара гады, што мінулі, сітуацыя толькі пагоршылася. У зборнай няма айдэнтыкі — і колькі б маркетолагаў ды піяршчыкаў у АБФФ ні мянялася, адшукаць яе ніхто не можа. Часткова з-за прафнепрыдатнасці, часткова — з-за грамадскіх, палітычных ды культурных абмежаванняў, акрэсленых кіраўніцтвам.

Гістарычная годнасць, самасвядомасць, унікальнасць інтэлектуальнай спадчыны — усё гэта выглядае атамнай фізікай што для босаў федэрацыі, што для трэнераў зборнай. Бадай, апошнімі, хто задумваўся на гэты конт ды цягнуў рукі людзям-землякам за межамі футбольнага поля, былі Аляксандр Хацкевіч ды Ігар Крывушэнка. Але абодвум працы ў Беларусі няма з моманту звальнення са зборнай. Супадзенне? Не думаем.

Нарэшце, няма ў зборнай і праграмы па вяртанні даверу публікі. Ладзіць начны прагляд матчаў з Азербайджана ў сталічнай «Пясочніцы» — годная ідэя, калі даплачваць людзям за візіт, а не браць грошы за хот-догі. Заахвочваць жа інакш, прапануючы ежу не толькі фізічную, але і духоўную, АБФФ не жадае. Ды і не разумее, навошта. Як не разумее, скажам, той жа Кандраццеў, чаму яго крытыкуюць за серыю без перамог у 11 афіцыйных матчах запар. «Я ж не зборную Бразіліі трэнірую, а беларусаў…»

Зборная не мае будучыні

План развіцця нацыянальнай каманды прадугледжвае яе выхад у фінальную частку чэмпіяната Еўропы 2027 года. Падаецца, часу яшчэ шмат, каб выправіць сітуацыю. Але тое, што ў сярэдзіне 2022-га «белакрылыя» ідуць верным шляхам да дывізіёна «D» Лігі Нацый з апанентамі ў выглядзе Андоры ды Сан-Марына, намякае на розніцу між чаканнямі ды рэальнасцю.

Светлая будучыня зборнай у тэорыі ад федэрацыі футбола. Фота: abff.by

Кідаецца ў крайнасці нават прапаганда. Яшчэ 14 чэрвеня «даверанае пяро» АБФФ Сяргей Канашыц даводзіў на старонках «СБ» пра тое, што зборная будуецца па кропельцы ды цагліначцы. А ўжо праз дзень ён жа наводліў сек футбалістаў: «Прагрэсу ў зборнай Беларусі адназначна няма. У камандзе няма ні адзінства, ні парадку з класам, ні дысцыпліны».

Вядзе ў тупік і стратэгічны вектар развіцця, абраны федэрацыяй. Абвешчанае амаладжэнне калектыву было б да месца, выхваляліся моладзевыя ды юнацкія зборныя зоркамі ў складзе ды прадуктыўнасцю ў турнірах УЕФА. Замест жа гэтага бачым апошнія месцы ў групах ды сядзенне па лавах у клубах Вышэйшай лігі — нават пры ліміце на абавязковае выкарыстанне юніёраў у гульнях.

Дэградацыя ідэй фіксуецца і на ўзроўні настаўнікаў: замежнікі Беларусь як месца працы ігнаруюць, новых жа ідэй (як і новых імёнаў) айчынныя трэнерскія курсы не пастаўляюць. Вось і прыходзяць да мастка ў галоўнай камандзе краіны людзі кшталту Кандраццева.

Таму карабель-прывід вырачаны і далей вандраваць па футбольным акіяне без мэты і без сэнсу. Прынамсі да той пары, пакуль на борт не ступіць новая каманда ды не прымецца за татальны рамонт усіх вузлоў судна. У іншым выпадку беларуская зборная, як і ўвесь від спорту цалкам, будзе туляцца абы-дзе, пакуль не нарвецца на рыфы суровай рэальнасці ды канчаткова не пойдзе на дно.

Хандрацьеўшчына. Футбольная зборная саступіла Азербайджану і бухнулася на дно дывізіёна «С» Лігі нацый

Поўныя нулі. Зборная Беларусі не здолела забіць нават камандзе Азербайджана

label.reaction.like
8
label.reaction.facepalm
1
label.reaction.smile
6
label.reaction.omg
1
label.reaction.sad
label.reaction.anger

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру