Вігаўдас Ушацкас.

Вігаўдас Ушацкас.

«З Беларуссю, нягледзячы на яе недэмакратычны лад, у нас больш супольнага, чым адрозненняў», — заявіў перад візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Літву міністр замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас. Па яго словах, «мы павінны казаць і з тымі, хто ва ўлады, і з тымі, хто ў апазіцыі, паколькі «наш сусед такі, які ёсць». Абмяркоўваючы збліжэнне афіцыйнай Вільні й Мінска і сэнс супрацоўніцтва з рэжымам А. Лукашэнкі, В. Ушацкас. сказаў, што Літва магла б зацікавіць кіраўнікоў Беларусі «заходняй сістэмай».

— Спачатку А. Лукашэнка прыняў прэм'ер Італіі Сільвіё Берлусконі, якога завуць алігархам, а цяпер з ім мае намер сустрэцца прэзідэнт Літвы Даля Грыбаускайте, якая аб'яўляла вайну алігархіі. Чаму менавіта на долу Літвы выпаў гонар ці не гонар стаць тым, хто зломіць ізаляцыю Беларусі? Які сэнс візіту А. Лукашэнкі?

— Беларусь і Літву яднае супольная гістарычная і культурная спадчына. Іх аб'ядноўвае 1000-годдзе гісторыі Літвы. Гэта адна з найважных сувязяў паміж Літвой і Беларуссю. Беларусь — гэта таксама наша суседка, з якой у нас ёсць супольная мяжа.

Інтарэс Літвы — незалежная, стабільная, дэмакратычная Беларусь. У апошнія 12 гадоў яна праводзіла палітыку ізаляцыі. Калі Беларусь стала часткай «Усходняга партнёрства» ЕС, характар гэтай палітыкі стаў змяняцца. З'явіліся ўмовы для супрацоўніцтва. Санкцыі ў адносінах да Беларусі адменены да снежня бягучага года.

Мы зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была не толькі незалежнай і эканамічна стабільнай, квітнеючай краінай, але і каб яна была краінай, якая стварае грамадзянскую супольнасць. Беларусь нам важная і як рынак з 10 млн спажыўцоў. Падчас эканамічнага спаду яна можа стаць для нас надзеяй на нейкі прарыў. Мы бачым зацікаўленасць літоўцаў у інвеставанні ў Беларусі. У сваю чаргу Клайпеда можа быць варотамі ў Еўропу і свет, не толькі для Літвы, але і для Беларусі.

— Чаго, па вашым меркаванні, чакаюць ад магчымага візіту А. Лукашэнкі беларусы?

— Пра гэта трэба ў іх пытаць. Абапіраючыся на наяўны досвед зносін з беларусамі, адважуся заявіць, што Літва, чаго добрага, з'яўляецца найважным партнёрам Беларусі сярод краін ЕС. Да нас звяртаюцца і прадстаўнікі беларускіх улад і апазіцыі з просьбай падтрымаць іх розныя імкненні. Да прыкладу, прадстаўнікі беларускай апазіцыі, з якімі я маю намер сустрэцца, звярнуліся да літоўскіх палітычных партый і грамадзянскай супольнасці з просьбай даць ім урокі дэмакратыі і выказаць палітычную падтрымку іх памкненням.

З іншага боку, пасля свайго візіту ў Беларусь у снежні 2008 г. я бачу прыкметы, якія сведчаць пра тое, што Беларусь зацікаўлена ў змене сваёй эканамічнай і замежнай палітыкі. Мы разумеем, што яна ніколі не будзе варожай Расіі; мы гэтага і не жадаем. Аднак Беларусь відавочна імкнецца да бліжэйшых зносін з ЕС і Захадам. Крэдыт ад МВФ, удзел ва «Ўсходнім партнёрстве», спробы нармалізаваць адносіны са ЗША — усё гэта крокі ў бок грамадзянскай супольнасці. Іх недастаткова, але гэта ўжо вызначаныя сігналы, якія бачныя і нам, і Брусэлю.

Спадзяюся, што падчас візіту А.Лукашэнкі адбудзецца адкрыты дыялог з часткай Беларусі. Будзем казаць пра супольныя праекты, якія зблізілі б нас, пра тое, чаго ЕС чакае ад Беларусі. Бо ўдзел ва «Ўсходнім партнёрстве» – гэта не толькі тыя крокі, якія прывядуць Беларусь да вольнага гандлю з ЕС і палегчаць візавы рэжым для грамадзян Беларусі, не толькі супрацоўніцтва ў вобласці энергетыкі, але і прынцыпы стварэння дэмакратычных нормаў, праў чалавека, плюралістычнага грамадства.

– Калі краіна ЕС на вышэйшым узроўні мае зносіны з недэмакратычным рэжымам, яна ўзаконьвае гэты рэжым на міжнародным узроўні. Ці не стане Літва двудушнай, супрацоўнічаючы і з кіраўніцтвам Беларусі, і з беларускай апазіцыяй, якую ўлады пераследуюць?

– Цікавасць Літвы – незалежная, стабільная Беларусь, якая ідзе ў бок дэмакратыі. У нас такі сусед, які ёсць. Ні Літва, яе грамадзяне ці кіраўнікі будуць вырашаць, які будзе форма кіравання ў Беларусі. Не мы будзем удзельнічаць на выбарах. Гэта будуць рабіць грамадзяне Беларусі, гэта будзе залежаць ад іх.

Наша зацікаўленасць абапіраецца на перакананні літоўскіх грамадзян і палітычных партый, а таксама на каштоўнасную традыцыю, у аснове якой ляжаць дэмакратыя, воля асобы, словы, шматпартыйнасць і правы чалавека. Гэтага ў Беларусі пакуль няма. Мы павінны гаварыць пра гэта і з тымі, хто ва ўладзе, і з тымі, хто ў апазіцыі. Бо Літва і Беларусь злучаны шматстайнымі і інтэнсіўнымі сувязямі.

– І ўсё ж вы не бачыце крывадушнасці ў тым, што Літва супрацоўнічае і з уладамі Беларусі, і з апазіцыяй?

– У нас такі сусед, які ёсць. Па маім меркаванні, мы павінны мець зносіны з усімі, каб зацікавіць кіраўнікоў Беларусі заходняй сістэмай і ўдзелам у праграме «Ўсходняе партнёрства».

– 10 гадоў назад — 16 верасня 1999 г. — без вестак знік віцэ-старшыня беларускага парламента Віктар Ганчар. 16 верасня 2009 г. у Вільню прыедзе А. Лукашэнка. Гэта сімвалічнае супадзенне не азмрочвае прыгожыя гутаркі пра дэмакратызацыю Беларусі?

— Пытанне пра зніклых, думаю, будзе ўзнімацца на сустрэчы з А.Лукашэнкам. Важна, каб акалічнасці знікнення былі расследаваны. Справа гонару Беларусі — знайсці і выканаўцаў, і замоўцаў. А дата 16 верасня была прызначана яшчэ ўвесну, як дзень, у які пройдзе Беларуска-літоўскі эканамічны форум; пра візіт А. Лукашэнка сталі казаць нашмат пазней.

— Вы сказалі, што «некалькі месяцаў назад Мінск абавязаўся прытрымвацца прынцыпаў дэмакратыі». Што гэта за абавязанні, і як у Мінска атрымалася выконваць іх?

— Я меў на ўвазе ў першую чаргу далучэнне Беларусі да праграмы «Ўсходняе партнёрства». Яна прадугледжвае чатыры кірункі — вольны гандаль, палягчэнне візавага рэжыму, супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі і выкананне прынцыпаў дэмакратыі. Скарыстаемся дыялогам з уладай Беларусі, каб нагадаць, што ЕС і Літва чакаюць ад Беларусі пэўныя крокі па падаванні магчымасці для развіцця грамадзянскага грамадства.

16—17 лістапада адбудзецца нарада міністраў замежных спраў ЕС, падчас якой мы маем вырашыць, падоўжыць мараторый на санкцыі ў дачыненні да Беларусі ці актываваць іх. Гэта будзе залежаць ад таго, ці зробяць беларускія ўлады магчымай рэгістрацыю апазіцыйных палітычных партый, ці вызваляць палітвязняў, ці дэмакратызуюць законы пра выбары.

Паўнавартаснае супрацоўніцтва Беларусі з ЕС стане магчымым толькі тады, калі Беларусь будзе кіравацца прынцыпам вяршэнства закона і выконваць правы чалавека, калі людзей не будуць арыштоўваць за палітычныя погляды, калі СМІ ў краіне будуць вольнымі і калі палітычныя партыі атрымаюць магчымасць рэгістравацца і канкураваць за ўладу.

— У адным інтэрв'ю вы сказалі, што «наша прагматычная мэта» — незалежная Беларусь, якая ідзе па шляху дэмакратызацыі. І тут жа сцвярджаеце, што лад у Беларусі — гэта справа вылучна ўлады і грамадзян гэтай краіны. Як узгодняцца два гэтых сцвярджэння? Калі дэмакратычная Беларусь — наша мэта, тое імкнуцца да яе павінны не толькі беларусы, але і мы. А калі дэмакратыя ў Беларусі — толькі справа беларусаў, то як яна можа быць «нашай прагматычнай мэтай»?

— Беларусь, якая дэмакратызуецца, незалежная, стабільная — вось наш інтарэс. Уплываць можна рознымі спосабамі — прыкладамі паспяховых прадпрыемстваў, заходніх гандлёвых цэнтраў. Можна ўплываць, запрашаючы як мага больш беларусаў у Літву, каб яны ўбачылі, як мы жывём. Таксама важна мець зносіны з часткамі дзяржаў, грамадскімі арганізацыямі і палітычнымі партыямі, перадаючы ім традыцыі дэмакратыі.

— Нібыта жадаем супрацоўнічаць з недэмакратычнай уладай, але наўрад ці ў нас атрымаецца эфектыўна рабіць гэта, раздражняючы яе супрацоўніцтвам з апазіцыяй.

— Для гэтага і вынайдзена мастацтва дыпламатыі. З іншага боку, важна прытрымвацца паслядоўнай, празрыстай палітыкі, а пры яе рэалізацыі не хаваць свае намеры. Мець зносіны з уладай можна ў першую чаргу па тых пытаннях, якія нас аб'ядноўваюць. А супольнага ў нас больш, чым адрозненняў. А самае важнае з гэтага — нас супольная прагматычная цікавасць, што нас лучыць.

Delfi.lt

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0