«У мяне ўсё адносна нармальна, — піша Аляксандр. — Падчас адчуваю сябе Артурам Артуравічам з булгакаўскага «Бегу», калі ўся камера проціў ночы пачынае паляванне на тараканаў. На шчасце, тараканаў не так ужо і шмат, але прагульваюцца яны з зайздроснай рэгулярнасцю. Як правіла, паляванне завяршаецца пахаваннем трэцяга таракана, пасля чаго наша камера з самазадаволеным пачуццём выкананага абавязку адыходзіць да сну».

Адгукнуўся Фядута і на сезонныя клопаты беларусаў, згадаўшы сямейныя дбанні на лецішчы. «Марына Уладзіміраўна (жонка журналіста Марына Шыбко) час ад часу падкормлівае мяне інфармацыяй пра жыццё панскага двара: то ў яе гібее на карані ўраджай петуній, то бягонія радуе вока. Гэта ўсё нейкая невядомая мне садавіна-гародніна», — жартуе Аляксандр.

Але галоўная бітва на лецішчы — з кратамі, якія «паўстаюць гэткімі грэкамі-ахейцамі, што асаджваюць наш дамок, своеасаблівую Трою-Іліён». Фядута згадвае свой колішні ўнёсак у перамогу:

«І я быў Гамерам — брадзіў па ўчастку з рупарам у руцэ і гарлапаніў проста ў нару: «Крот, крот, хрэн табе ў рот! Сыходзь у чужы агарод!»

Гэта, праўда, мала дапамагала ў барацьбе з падземнымі Адысеямі. Але чаго чакаць ад такіх нізкапробных вершыкаў? Тут нават высокая паэзія наўрад ці падзейнічала б».

Пра рэчы вельмі сур’ёзныя Фядута кажа спакойна: «Справа наша ў абласным судзе, і я чакаю пачатку працэсу. Магчыма, будзе крыху весялей».

Ну і, віншуючы «Народную Волю» з днём нараджэння, ён нязменна галантны: «Мой паклон роднай рэдакцыі. Дамам цалую ручкі, а джэнтльменам гэтыя часткі цела (рукі) паціскаю. Перад Іосіфам Паўлавічам, як заўсёды, з пачцівасцю здымаю капялюш».

Нагадаем, што Аляксандр Фядута разам з Рыгорам Кастусёвым і Юрасём Зянковічам з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

label.reaction.like
47
label.reaction.facepalm
6
label.reaction.smile
2
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
19
label.reaction.anger
10