«Навучальны год у Латвіі пад пагрозай зрыву. Настаўнікі рыхтуюцца да страйку. Яны неаднаразова заяўлялі, што будуць адстойваць свае патрабаванні і звярталіся да ўрада краіны», — кажа дзяржаўнае тэлебачанне.

«Асноўнае патрабаванне — павышэнне заробкаў. Чыноўнікі прапанавалі штогод павышаць мінімальную месячную зарплату педагогаў на 8%. Але толькі ў маі інфляцыя ў Латвіі склала амаль 17%. Прычына незадаволенасці — не толькі матэрыяльная. У школах кадравы голад і выгаранне настаўнікаў з-за вялікай нагрузкі. Прэстыж прафесіі падае, як і ўзровень адукацыі», — малююць прапагандысты апакаліптычную карціну.

Але прапагандысты не кажуць, што беларускія настаўнікі пра заробкі латвійскіх калег (як і пра іх правы і магчымасць страйкаваць) могуць толькі марыць.

Самая нізкая стаўка зарплаты настаўнікаў у Латвіі з 1 верасня 2022 года будзе павышаная на 70 еўра і складзе 900 еўра.

Адпаведна, вырастуць і сярэднія зарплаты, якія будуць яшчэ вышэйшымі. Урад хоча падцягнуць іх да ўзроўню Літвы і Эстоніі, дзе настаўнікі зарабляюць у сярэднім па 1500 еўра.

Гэта нашмат больш, чым нават сярэдняя зарплата беларускіх настаўнікаў. Так, паводле Белстата, у красавіку 2022 года беларускі настаўнік зарабляў у сярэднім 1369 рублёў (каля 535 еўра).

І гэта прытым, што грамадзяне краін Балтыі, як правіла, маюць больш даходаў з іншых крыніц, акрамя заробкаў, чым беларусы. Гэта звязана з тым, што доля прыватнага сектара ў эканоміцы тут большая, а зямлю вярнулі прыватным уласнікам.

Нават з улікам вышэйшага кошту камунальных паслуг, узровень жыцця латвійскага настаўніка лепшы, чым у беларускага.

Акрамя таго, што настаўнікі ў Латвіі маюць нашмат вышэйшыя заробкі, яны могуць абараняць свае правы і эканамічныя інтарэсы, у тым ліку з дапамогай страйкаў. Беларускім педагогам такі спосаб абароны сваіх правоў проста недаступны. Ды і ў латвійскіх педагогаў няма такой няпрофільнай нагрузкі, як у беларускіх калег (у тым ліку, у выглядзе фальсіфікацыі выбараў, ідэалагічнага выхавання і паходаў на хакей).

Клас
73
Панылы сорам
7
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
4