Афіцэр польскай мытні. Ілюстрацыйная выява

43 былым і дзейным мытнікам з польска-беларускіх памежных пераходаў у Люблінскім ваяводстве выставілі абвінавачанні ў злоўжыванні паўнамоцтвамі і непраўдзівай інфармацыі ў дакументах. Ключавыя доказы польскае следства атрымала з Беларусі, піша «Радыё Свабода».

Гэта вынік двухгадовага расследавання, якое вяла акруговая пракуратура ў Любліне.

Гаворка ідзе пра невыкананне мытнікамі сваіх абавязкаў пры вяртанні ПДВ Tax Free. Грамадзяне Беларусі, Украіны ці Расіі — краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, калі купляюць у Польшчы пральныя машыны, лядоўні, тэлевізары ці смартфоны, пры выездзе з ЕС паведамляюць пра гэта мытнікам і ім вяртаюць ПДВ. Гэта 23 працэнты ад цаны прадукту. Калі ў краме ў Белай Падляскай пятая версія iPhone каштавала 1499 злотых, то беларус атрымліваў «кэшбэк» 344,77 злотага.

Паводле польскай пракуратуры, у 2012—2013 гадах польскія мытнікі афармлялі і зацвярджалі дакументы, якія сведчылі аб вывазе мабільных тэлефонаў, за якія нібыта быў вернуты ПДВ. Пры гэтым самі апараты, як запэўнівалі іншаземцы, у гэтым выпадку грамадзяне Беларусі, не былі купленыя ў Польшчы і не вывозіліся імі. Па версіі следства, грошы ад вяртання падатку ішлі ў кішэні фігурантаў — мытнікаў.

Справа з айфонамі на мяжы пачалася з выбарачнай падатковай праверкі адной з фірмаў, якія гандлююць аўдыя— і відэатэхнікай у Белай Падляскай. Гэта яна прадавала беларусам тэлефоны. Інспектары выявілі ў кампаніі фіскальныя парушэнні, якія, аднак, не мелі дачынення да мытнікаў.

У 2020 годзе «справай айфонаў» зацікавілася пракуратура ў Любліне. У рамках прававой дапамогі і двухбаковых дамоваў следчыя папрасілі беларускую пракуратуру дапытаць уладальнікаў тэлефонаў. Беларусы катэгарычна адмаўлялі, што куплялі ў Польшчы нейкія айфоны і перасякалі з імі мяжу. І гэты факт аказаўся вырашальным для пракуратуры ў Любліне.

Gazeta Wyborcza паразмаўляла з некаторымі фігурантамі справы. Мытнікі сцвярджаюць, што, калі атрымалі пратаколы, высветлілі, хто сведчыў супраць іх.

«Мы старанна запісалі імёны і ўнеслі іх у нашу сістэму. Аказалася, што амаль усе, хто нас абвінавачвае, — кантрабандысты, дробныя злачынцы, — расказвае ананімны мытнік. — Кантрабандысты везлі айфоны, каб не плаціць высокія мыты ў Беларусі, якія сягаюць нават 40 працэнтаў іх цаны. Калі б яны раптам праз дзевяць гадоў прызналіся ў махлярстве, то маглі б трапіць у турму і страціць маёмасць».

Вядома, што пакуль абвінавачванні выстаўленыя 43 асобам. Але агулам у справе фігуруе больш за сотню мытнікаў. Гэта ў асноўным супрацоўнікі Люблінскай мытні і падатковай службы ў Белай Падляскай.

У абарону мытнікаў выступілі прафсаюзы. Старшыня Прафсаюза польскай мытні Славамір Сівы папрасіў генпракурора пракантраляваць расследаванне. Ён падкрэслівае, што на выстаўленне абвінавачанняў паўплывалі паказанні грамадзян Беларусі, апытаных беларускімі следчымі ў рамках прававой дапамогі.

«У кантэксце гібрыднай вайны, якую Беларусь вядзе з Польшчай, такія сведчанні не варта ўспрымаць як належнае», — падкрэслівае Сівы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

5
* / Адказаць
20.09.2022
Адабраць у гэтых беларусаў візы каб не соўгалісь )
0
feafania / Адказаць
20.09.2022
Я б таксама ня стала давяраць беларускім сьледчым. Акрамя таго, адразу падумала, што ні водзін нармальны грамадзянін Беларусі не прызнаецца ў увозе тэлефона, за які яго потым беларуская падатковая абавяжа сплаціць падатак зь пеняй.
0
Анонім / Адказаць
20.09.2022
Хто ў Беларусі паведае праўду беларускай пракуратуры?
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру