Альфрэдас Бумблаўскас. Фота: DELFI / Karolina Pansevič

Літва без літоўскай

Літва як нацыянальная дзяржава — гэта канцэпцыя, якая з'явілася адносна нядаўна — менш за 100 гадоў таму. Між тым у перыяд позняга Сярэднявечча, у часы Рэнесансу, у эпоху Асветніцтва і пазней, калі Рэч Паспалітая была разарваная на кавалкі, культурнае развіццё значнай часткі тэрыторый сучаснай Літоўскай Рэспублікі адбывалася на іншых мовах — на заходнерускай (яна ж «руськая», старабеларуская або стараўкраінская), а затым польская. Менавіта з такім тэзісам выступіў Альфрэдас Бумблаўскас. 

Прафесар агучыў шмат фармулёвак, якія могуць збянтэжыць шараговага жыхара сучаснай Літвы. Бумблаўскас, у прыватнасці, сказаў, што

літоўскі нацыяналізм — гэта сурагат, прыдуманы ў часы прэзідэнта Антанаса Смятоны, а ільвіная доля літоўцаў, якія жывуць у цэнтральнай частцы Літвы, на самай справе — палякі, якія «баяцца ў гэтым прызнацца».

Такія сцвярджэнні многім могуць здацца адкрыццём, але гісторык свядома правакаваў публіку, імкнучыся падкрэсліць нелітоўскамоўнасць літоўскай гісторыі, як бы гэта дзіўна ні гучала.

«Міколас Біржышка [вядомы літоўскі нацыянальны дзеяч, які працаваў з пачатку ХХ стагоддзя да 1962 года. — Заўв. рэд.] быў адным з тых, хто сказаў, што ў даўнім мінулым такіх, як мы [маючы на ўвазе тых, хто ў былыя часы прапагандаваў літоўскую мову і літоўскасць. — Заўв. рэд.] былі адзінкі. Ён ахарактарызаваў іх дакладна — «крыкі ў пустыні», маючы на ўвазе Мікалоюса Даўкшу і Канстанціна Сірвідаса [літоўскія асветнікі XVII стагоддзя. — Заўв. рэд.].

Больш літоўскамоўных [значных грамадскіх дзеячаў] не было. Кропка.

Пасля гэтага ахопленая прывідам смятонаўскага нацыяналізму літоўская гістарыяграфія кінула ўсе сілы [на пошукі літоўскамоўных] <…>, але асабліва нічога не знайшла.

Мы ўвесь час павінны паўтараць адзін аднаму — у літоўскіх метрыках і хроніках няма ніводнага сказа на літоўскай мове. Мы як нацыя павінны гэта пераасэнсаваць», — адчаканіў ён з трыбуны.

Таксама дакладчык заклікаў жыхароў краіны вучыць украінскую мову, якая, па ягоных словах, максімальна набліжаная да «руськай» — афіцыйнай мовы ВКЛ.

«Нам трэба пераняць украінскую мову замест рускай, каб вывучыць свае ж крыніцы. Наша хроніка — Украінская. <…> Так званая заходнеруская — гэта ўкраінская. У Маскве гэтай мовы не было аж да Пушкіна».

Civitas Ruthenica, ці пра літоўскіх рускіх

На працягу двух-трох стагоддзяў — з канца XIV да сярэдзіны XVII стагоддзя і пазней — палова Вільні, па словах Бумблаўскаса, была «руськай», гэта значыць праваслаўнай. Гэта не азначае, што сярод яе жыхароў не было тых, каго мы сёння называем этнічнымі літоўцамі, але прадстаўнікі славянскіх народаў дамінавалі. 

«Палова творцаў віленскай гісторыі — падданыя [праваслаўнага] мітрапаліта. <…> На якой мове напісаныя ўсе нашы метрыкі, усе нашы летапісы, якія пісалі смаленскія летапісцы, дзякуючы якім мы ведаем тую ж легенду пра жалезнага ваўка?.. Можам сказаць, што на ўкраінскай, можам сказаць, што на беларускай. На той мове, якую сёння мы называем русінскай.

Можа быць, гэта і добра, паколькі я б не хацеў аддаваць імя «рускі» Маскве. Сёння я прапаную ўсім перайсці да пазначэння [расейцаў] «маскоўцамі» — нацыя маскоўцаў або Масковіі і мова маскоўцаў або Масковіі. А рускія — нашы. Гэта — нашы на чале з Францыскам Скарынам», — заявіў ён.

Большасць літоўскіх гістарыёграфаў, асабліва ў міжваенны час, кажа прафесар, свядома абыходзілі бокам гэтую тэму. У 1936 годзе па ініцыятыве Міністэрства асветы выйшла праграмная кніга «Гісторыя Літвы» пад рэдакцыяй гісторыка Адольфаса Шапокі, дзе аўтар называе ледзь не ўсіх віленчукоў у часы ВКЛ «літоўцамі». Прадстаўнікоў іншых народаў шмат у чым ён ігнаруе, а той факт, што на літоўскай мове яны не гаварылі, апускае.

З іншага боку палякі, кажа Бумблаўскас, у большасці выпадкаў паводзілі сябе не лепш. Яны называлі Вільню «старапольскім горадам», хоць правільней было б называць яго «старарускім» ці прынамсі «старалітоўскім». Але тут важна, які сэнс вы ўкладаеце ў гэтае слова.

«Уся нацыянальная гістарыяграфія праз свой метадалагічны нацыяналізм вельмі часта не бачыць разнастайнасці гісторыі Вільні і Літвы», — падсумаваў ён.

Літва як другая Польшча

Альфрэдас Бумблаўскас лічыць, што Літва да пары да часу развівалася па прыкладзе Ірландыі.

Як вядома, пачуццё нацыянальнай самасвядомасці ў ірландцаў развіта вельмі моцна, але амаль уся краіна пры гэтым працягвае гаварыць на англійскай мове. 

У той жа час стаўленне да брытанцаў як да заваёўнікаў і да Злучанага Каралеўства як да былой метраполіі гістарычна негатыўнае, але гэта мала ўплывае на статус англійскай як афіцыйнай і, па сутнасці, галоўнай мовы.

У ВКЛ «руська мова» страціла статус дзяржаўнай на світанку XVII стагоддзя — яе натуральным шляхам выцесніла польская. Пасля гэтага аж да пачатку XX стагоддзя гісторыя Літвы ў моўным сэнсе развівалася па прыкладзе Ірландыі. «Магло быць так, што літоўская мова захавалася б толькі на землях гістарычнай Жамойці».

Прафесар паказаў карту 1929 года, на якой выразна відаць, што арэал распаўсюджання польскай мовы закранаў не толькі Віленскі край, але значную частку цэнтральных і паўночна-ўсходніх раёнаў Літвы, уключаючы Шаўляй.

«Палякі не адважваюцца сказаць, што яны, знаходзячыся ў сярэдзіне Літвы, з'яўляюцца палякамі», — зрабіў сенсацыйную заяву Бумблаўскас, падкрэсліўшы, што гаворка ідзе не пра міжваенны перыяд, а пра сучасную сітуацыю.

Праўда, тут жа зрабіў агаворку. «Гэта не азначае, што я прапаную адмовіцца ад літоўскага. Трэба прызнаць, што захаванне літоўскай мовы з'яўляецца заслугай літоўскай нацыі перад сусветнай культурай, але наша гісторыя, тым не менш, крыху іншая».

Парадаксальна і тое, што ля вытокаў літоўскай мастацкай літаратуры на мяжы XIX—XX стагоддзяў стаяць польскамоўныя прадстаўнікі дваранскіх прозвішчаў. Сярод іх: Юлія Жэмайце, Шатрыес Рагана, Габрыеле Пяткевічайце-Біце, сёстры Марыя і Сафія Іванаўскайце, якія пісалі пад псеўданімам Лаздзіну Пяледа, і іншыя.

Усе яны — класікі айчыннай літаратуры, вось толькі па-літоўску яны сталі гаварыць і пісаць не адразу. У сваіх сем'ях і паміж сабой яны размаўлялі па-польску. «Вось так выглядае перамога літоўскасці ў 1900-х гадах», — ківае галавой гісторык.

Пра сімбіёз Літвы і Польшчы як адзінай прасторы сведчыць яшчэ адзін пастулат, зафіксаваны ў дакументах удзельнікаў паўстання 1863 года. Ён абвяшчае наступнае: «Без чаго не можа жыць літовец? Без свабоды і адзінства з палякамі».

Усё гэта, тым не менш, не азначае, што Літва была «малодшым братам» або прыдаткам Польшчы — зусім не.

Русіны, як і літоўцы, шмат зрабілі для развіцця польскай мовы і культуры. Яны не лічылі яе чужой — яны лічылі яе сваёй не менш за палякаў.

Дастаткова згадаць толькі той факт, што першая пратэстанцкая Біблія на польскай мове — так званая Берасцейская — была выдадзеная на загад і на грошы знакамітага літоўскага вяльможы, канцлера ВКЛ Мікалая «Чорнага» Радзівіла. 

«Гісторык Гудавічус у свой час сказаў, што XVII — XVIII стагоддзях мы сталі другой Польшчай… Так, як Аргенціна і Мексіка, напрыклад, сталі другой Іспаніяй, а Бразілія — другой Партугаліяй».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

4
Valadzimir / Адказаць
27.09.2022
Сьмех ды й годзе - і з ліетувісаў, і з беларусаў.  Ізноў нагадаю паведамленьне Хлебнікаўскага сьпісу Іпацьеўскага летапісу, у якім адным згаданы летапісец Нестар, і які расейскімі навакоўцамі прызнаецца нават больш дакладным, чым уласна Іпацьеўскі летапіс: "… а ѿ тѣхъ Лѧховъ прозвашасѧ Полѧне Лѧховѣ . друзии Лютичи Литва. инии Мазовшане . а нии Поморѧне…”  https://www.youtube.com/watch?v=nA3v1kHyGD8
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру