Фота: belarusfashionweek / vk.com

Інфармацыю аб адмене Belarus Fashion Week, якая мелася прайсці 7—9 кастрычніка, пацвердзілі ў сацсетках арганізатары. Яны патлумачылі, што імпрэза не адбудзецца «па тэхнічных прычынах».

«Мы прыклалі максімум намаганняў, каб вырашыць пытанні, якія ўзніклі, але, на жаль, не змаглі паўплываць на сітуацыю», — гаворыцца ў паведамленні. 

Напярэдадні ў дзяржаўнай газеце «СБ — Беларусь сегодня» з'явілася публікацыя, якая распавядае пра «Беларускі тыдзень моды». Аўтар калонкі, прапагандыст Раман Рудзь абвінаваціў некаторых беларускіх куцюр'е ў тым, што ў 2020 годзе яны «раптам адклалі ў бок нажніцы і ніткі з іголкамі, з разбегу акунуўшыся ў «рэвалюцыйную смуту». 

«Цвярдзілі аб паліцэйскай самаўпраўнасці і гвалце, лаялі выбары і жадалі ўсякага нядобрага лідару краіны. А таксама пікетавалі на прыступках Дома мадэляў, выстройваліся ў ланцугі ўздоўж праспекта, скандавалі лозунгі, размахвалі плакацікамі і бчб-сцягамі», — апісвае Рудзь «грахі». 

Сярод «удзельнікаў незаконных перформансаў» аўтар назваў кіраўніка тыдняў моды Яніну Ганчарову, дызайнера Івана Айтплатава, модную экспертку Вольгу Жадзееву і іншых.

Прапагандыст таксама задаўся пытаннем, чаму модная індустрыя ў краіне «аддадзеная на водкуп выключна прыватнікам».

«Юнаму дызайнеру амаль няма куды падацца, акрамя як на подыум гэтага шоу, якое ў адзін нешчаслівы момант зноў можа перафарбавацца ў бела-чырвона-белыя колеры», — піша Рудзь. 

«Ёсць жа ў нас Нацыянальная школа прыгажосці. Ёй бы і швейную машынку ў рукі разам са спадарожнымі праектамі. Дарэчы, раней гэтая арганізацыя праводзіла папулярны «Мінскі тыдзень моды», а ў наступным годзе, наколькі я чуў, плануе ўзнавіць гэтае мерапрыемства», — дадае прапагандыст.

Беларускі тыдзень моды (Belarus Fashion Week) — міжнароднае мерапрыемства для папулярызацыі дызайнерскага адзення ў Беларусі. Яно праводзіцца з 2011 года і збірае вытворцаў, закупшчыкаў, мадэльераў і дызайнераў для наладжвання прафесійных сувязей, абмеркавання супрацоўніцтва, прэзентацыі сваёй дзейнасці і развіцця моднай індустрыі. У гэтым годзе Belarus Fashion Week павінен быў прайсці на кінастудыі «Беларусьфільм» з 7 па 9 кастрычніка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру