Сачыць за цэнамі ў крамах цяпер будзе і пракуратура. Па ўказанні генпракурора, ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пракуроры будуць аналізаваць інфармацыю аб праведзеных кантрольнымі органамі праверках і маніторынгах, фактах павелічэння цэнаў, прынятых мерах рэагавання, зваротах грамадзян ды юрыдычных асоб і выніках іх разгляду, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.
Ведамства запатрабавала ад Следчага камітэта, МУС і ДФР КДК неадкладна распачынаць крымінальныя справы па кожным факце парушэння заканадаўства, якое пацягнула неабгрунтаваны рост цэн, затрымліваць падазраваных і абіраць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
У той жа час Камітэт дзяржкантролю адкрыў спецыяльны кароткі нумар, па якім можна паведаміць пра павышэнне цэн. Патэлефанаваць па ім могуць як звычайныя грамадзяне, якія заўважылі павышэнне цэн, так і прадстаўнікі гандлёвых арганізацый, калі вытворцы прапануюць ім прадукцыю па цэнах, вышэйшых за тыя, якія склаліся па стане на 5 кастрычніка.
Гэтыя рашэнні — вынік учарашняй нарады з удзелам Лукашэнкі, на якой апошні загадаў дырэктыўна спыніць рост цэн у Беларусі. Пасля таго забарона павышаць любыя цэны без спецыяльнага дазволу была аформленая пастановай урада, сёння таксама адпаведную дырэктыву выдаў Лукашэнка, пра ўзяцце цэн пад кантроль заявілі «сенатары» і іншыя чыноўнікі.