— Ад імя свайго гаспадара, вялікага князя Альгерда, я, стараста Крэўскі, хачу сказаць з вышыні не толькі Юравай гары, а з вышыні гісторыі і часу: гэтая вежа пабудаваная апантанымі людзьмі, якія любяць сваю гісторыю. І гэтая гісторыя на нашых вачах сёння паўстае з попелу, — неслася прамова над старажытным Крэвам.

У суботу тут, у старажытным Крэве, адчынілі турыстычны аб’ект — вежу-дазорцу на Юравай гары. Нягледзячы на ветранае лістападаўскае надвор’е, да імпрэзы далучыліся мясцовыя жыхары, а таксама госці з Мінска, Вілейкі, Маладзечна, Смаргоні. 

Капішча? Капліца? Вежа?

— Юрава гара — гэта ўнікальны аб’ект, — расказаў «Рэгіянальнай газеце» архітэктар Андрэй Шулаеў. — Тут ёсць рэдкія расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу, — сукуленты. Ёсць шмат паданняў, звязаных з гэтай гарой. Тут спалучаюцца нематэрыяльная спадчына і прыродная. А ў той жа час афіцыйнага ахоўнага статусу ў гары няма. У Міністэрстве культуры нам некалі сказалі: «Калі няма культурнага слою, значыць, няма ахоўнага статусу». 

Таму ў 2011 годзе мы — фонд «Крэўскі замак» — разам з Акадэміяй навук правялі тут шурфаванне. Хацелі знайсці які-небудзь культурны слой, а знайшлі падмурак. Атрымалася, што тут была пабудова. Артэфакты, знойдзеныя побач з падмуркам, — такія ж, якія знаходзілі на Крэўскім замку. Значыць, мы можам датаваць гэтыя падмуркі 14-15 стагоддзямі. Падмурак быў памерам прыкладна 4,2 на 4,2. Пачалі думаць, што ж гэта магло быць: паганскае капішча, хрысціянская капліца, аглядальная вежа пры замку? Спыніліся на вежы. Вежавая сігнальная сістэма была распаўсюджаная, верагодна, яшчэ да Вялікага Княства Літоўскага. Хутчэй за ўсё, у Крэве мы маем пацверджанне адной такой вежы. Яна была патрэбная замку, што стаяў у нізіне. Вось мясцовыя майстры і зрабілі такі муляж вежы. Наверсе плануем павесіць тое, што ў грэкаў называецца «семантрон» — жалезны дыск, па якім білі малатком, каб падаць сігнал. 

Вежа, што бачыла ворагаў здалёк

Вядучыя адзначылі, што наўрад ці ў Беларусі знойдзецца чалавек, які не ведае пра Крэва — месца былой крывіцкай славы. Звярнулі ўвагу і на тое, што турысты не забываюць Крэва. А ў доказ слоў вядучых, загукаў з вышыні Крэўскі стараста:

— Гэтыя мясціны, гэтая слаўная зямля будзе жыць яшчэ доўга. Яна жыла доўга і будзе жыць вечна. Слава гэтай зямлі! Слава людзям, якія памятаюць і ведаюць сваю гісторыю. Спрэчкі мы пакінем навукоўцам. Няхай хтосьці думае, што тут было капішча. Няхай хтосьці думае, што тут была хрысціянская святыня ці вежа. Але сёння тут, на гэтай зямлі, стаіць дазорная вежа, якая адрадзілася і стагоддзі дапамагала Крэўскаму замку, бачыла ворагаў здалёк. Дапамагала замку ажываць, а нашай зямлі ўставаць з попелу кожны раз.

Каардынатар праекта, дырэктар Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, арганізатар імпрэзы Алена Бобіна падзялілася з прысутнымі, што працаваць з камандай прафесіяналаў, якая стварала вежу, было пачэсна і прыемна. Акрамя архітэктара Андрэя Шулаева, Алена адзначыла навукоўца Алега Дзярновіча, кіраўніка брыгады будаўнікоў Дзмітрыя Пахомава, каваля Яўгена Сліжа, сябра музея і замка Андрэя Кацько і, вядома, спонсара праекта кіраўніка кампаніі «Фомар» Вячаслава Бруйка. А той у сваім выступленні коратка адзначыў:

— Ідэя была мая. Фінансаванне таксама — нашай кампаніі. Але ідэя і фінансаванне — гэта толькі палова справы. Вялікі дзякуй камандзе. Мы зрабілі гэта!

Дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітры Марозаў падзяліўся, што зацікавіўся знойдзеным на гары падмуркам, але не думаў, што так хутка тут паўстане новы турыстычны аб’ект. А яшчэ ён назваў Крэва, Баруны і Гальшаны адным з найбольш цікавых у гістарычным сэнсе рэгіёнаў Беларусі. 

Пасля афіцыйнай часткі ўсё той жа Крэўскі стараста запрасіў ахвотных падняцца на вежу, а пасля — прайсці ў Крэўскі замак. Тут можна было падзівіцца на рыцарскія баі і пабачыць… князя Альгерда.

Клас
49
Панылы сорам
0
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
2