Фота: Andriy Andriyenko / AP

Фота: Andriy Andriyenko / AP

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў Бахмут «нашай крэпасцю». Расійскія войскі спрабуюць захапіць горад ужо паўгода. Але цяпер яны дзейнічаюць больш актыўна. Як лічыць Украіна, каб скончыць да гадавіны ўварвання.

Мы выконваем усе інструкцыі, прабіраючыся па абледзянелай вуліцы. Над намі чыстае неба — гэта ідэальныя ўмовы для расійскіх дронаў.

Мы пераходзім дарогу, і за намі, на другім баку вуліцы, разрываюцца два расійскія снарады. Мы паспяваем абярнуцца, убачыць слупы чорнага дыму і бяжым далей.

Цэліліся менавіта ў нас ці не? Гэтага мы не ведаем, але ўсё, што рухаецца ў Бахмуце, няхай гэта будуць вайскоўцы або цывільныя, усё становіцца мішэнню.

Абстрэлы з абодвух бакоў не спыняюцца гадзінамі. Над нашымі галовамі пралятае расійскі знішчальнік. Да найбліжэйшых пазіцый расійскай арміі ўсяго два кіламетры.

У некаторых раёнах горада ўжо ідуць вулічныя баі, але ўкраінскія вайскоўцы па-ранейшаму ўтрымліваюць Бахмут, нягледзячы на мароз і боепрыпасы, якія заканчваюцца.

«Нам не хапае боепрыпасаў, асабліва артылерыйскіх снарадаў, — кажа капітан Міхаіл з 93-й механізаванай брыгады (пазыўны «Паліглот»). — Ад нашых заходніх партнёраў нам таксама патрэбныя прылады, якія забяспечваюць зашыфраваную сувязь, бронетранспарцёры, каб перавозіць войскі. Але мы спраўляемся. Адзін з галоўных урокаў гэтай вайны — як ваяваць, маючы абмежаваныя рэсурсы».

Мы наглядна бачым, што такое праблемы з боепрыпасамі, калі ўкраінскія войскі страляюць па расійскіх пазіцыях з 60-мм мінамёта. Першая міна вылятае са ствала з гучным выбухам. Але другая нікуды не ляціць.

Мы чуем шыпенне, раздаецца крык «Асечка!» — і артылерыйскі разлік разбягаецца ў пошуках хованкі. Вайскоўцы тлумачаць нам, што гэтая міна — са старых запасаў і была дастаўлена з-за мяжы.

Бітва за Бахмут — гэта асобная вайна на вялікай вайне. Тут праходзілі адны з самых жорсткіх баёў за час уварвання. А цяпер расійскія сілы паступова займаюць новыя тэрыторыі, метр за метрам. Сюды на поле бою адпраўляюцца ўсё новыя хвалі наймітаў з ПВК «Вагнер». Кажуць, што цэлыя палі тут усеяныя забітымі расіянамі.

Цяпер Масква фактычна ўзяла пад кантроль абедзве галоўныя дарогі, якія вядуць у горад, і застаўся толькі адзін вузкі шлях для забеспячэння ўкраінскіх сіл.

«Яны спрабуюць узяць горад з ліпеня, — кажа Ірына, прэс-сакратар 93-й брыгады. — Цяпер яны паступова перамагаюць. У іх больш рэсурсаў, таму калі яны будуць гуляць у доўгую, то перамогуць. Я не магу сказаць, колькі часу гэта зойме. Магчыма, у іх скончацца рэсурсы. Я вельмі на гэта спадзяюся».

Мы сыходзім са старанна замаскіраваных пазіцый у бункеры, дзе працуюць генератары, а цяпло даюць буржуйкі. Вайскоўцы робяць усё, каб схаваць дым, які можа выдаць іх размяшчэнне, — такія ўмовы вайны. Тыя, з кім мы гаворым, поўныя рашучасці працягваць барацьбу.

«Яны нас спрабуюць акружыць, каб мы выйшлі з горада, але нічога не атрымліваецца, — кажа нам Ігар, камандзір. — Горад пад нашым кантролем. Транспарт ходзіць, нягледзячы на пастаянныя артылерыйскія ўдары. Вядома, сярод нашых таксама ёсць страты, але мы трымаемся. У нас толькі адзін варыянт — працягваць ісці да перамогі».

Ёсць, зрэшты, і іншая магчымасць — адступіць з Бахмута, пакуль не стала занадта позна. Але абаронцам горада гэта відавочна не па душы. «Калі паступіць такі загад ад начальства, окей, загад ёсць загад, — кажа Міхаіл. — Але які сэнс трымацца ўсе гэтыя месяцы, калі трэба будзе пакінуць горад? Не, мы гэтага рабіць не хочам».

Ён успамінае тых, хто аддаў свае жыцці за Бахмут, — «вельмі шмат добрых і смелых людзей, якія проста любілі сваю краіну».

І калі абаронцы Бахмута сапраўды адступяць, гэта адкрые Расіі магчымасць пачаць наступ на вялікія гарады Данецкай вобласці, як Краматорск і Славянск.

Масква актывізавала атакі і на іншых кірунках фронту — як у Данбасе, так і на поўдні краіны. Украінскія чыноўнікі кажуць, што расійскі наступ ужо ідзе.

Часу ў Крамля не так шмат, бо наперадзе гадавіна пачатку ўварвання — 24 лютага. «У іх пункцік наконт дат і так званых «дзён перамогі», — кажа Міхаіл.

Але вайна на знос у Бахмуце можа прывесці да таго, што сілы скончацца менавіта ў расіян, лічыць Віктар — яшчэ адзін украінскі камандзір. «Яны цяпер не абараняюцца, толькі нападаюць, — працягвае ён. — Яны прасоўваюцца на нейкія метры, але мы стараемся рабіць так, каб ім дасталася як мага менш нашай зямлі. Мы тут стрымліваем ворага і знясільваем яго».

У самім Бахмуце ўсё яшчэ можна знайсці жыццё: калі ведаць, дзе шукаць.

Калі ўваходзіш у «пункт нязломнасці» на адной з вуліц горада, праходзячы міма скрынак з ахвяраваным харчаваннем, то адразу становіцца цёпла і светла. Раней тут быў баксёрскі клуб, але цяпер гэта памяшканне пераабсталявалі ў пункт, дзе мясцовыя жыхары могуць падзарадзіць свае тэлефоны, паесці гарачай ежы і пагаварыць.

Калі мы прыйшлі, тут было шмат людзей, пажылыя жанчыны згрудзіліся вакол печкі, а двое маленькіх хлопчыкаў сядзелі на баксёрскім рынгу каля тэлевізара і гулялі ў камп'ютарныя гульні.

У Бахмуце застаецца каля 5 тысяч мясцовых жыхароў — у іх няма ні вады, ні электрычнасці, многія з іх ва ўзросце і не маюць сродкаў да існавання. «Некаторыя падтрымліваюць Маскву. Расіян чакаюць», — змрочна бурчыць адзін з маіх украінскіх калег.

«У кожнага тут свая ўласная бітва», — кажа Таццяна, 23-гадовы псіхолаг, якая прыйшла ў «пункт нязломнасці» разам са сваімі малодшымі братам і сястрой. Яна не можа пакінуць Бахмут, таму што яе 86-гадовая бабуля не рухаецца і яе трэба даглядаць.

«Большасць людзей вытрымлівае, таму што моліцца Богу, — кажа яна. — Вера дапамагае. Некаторыя забываюць, што яны людзі. Некаторыя паводзяць сябе агрэсіўна. Пачынаюць паводзіць сябе горш, чым жывёлы».

На вуліцы бітва за гэты разбураны горад працягваецца. Калі мы выязджаем, гукі абстрэлаў не сціхаюць.

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
20
Абуральна
4