Скрын відэа
22 лютага на праваенным мітынгу-канцэрце ў Маскве выступіў «добраахвотнік» захопніцкай арміі з Чалябінска Юры Гагарын з пазыўным Анёл. Яго прадставілі як ратавальніка 367 дзяцей з Марыупаля. Некаторыя з дзяцей былі на сцэне і дзякавалі яму.
Так, 15-гадовая Ганна Навуменка са сцэны сказала: «Дзякуй дзядзьку Юру за тое, што ён мяне, маю сястру і сотні тысяч дзяцей выратаваў з Марыупаля».
На сцэне стаяла і яе малодшая сястра Караліна — яна ад гучных гукаў закрывала вушы.
Як піша выданне, Ганна Навуменка і яе сястра сапраўды родам з Марыупаля. Дзесяць месяцаў таму падчас акупацыі горада маці дзяўчынак забіла асколкамі.
Калі пачалася вайна, сямʼя Навуменкаў — Вольга з яе грамадзянскім мужам Артурам і дзеці Ганна, Караліна і Даня — спачатку хаваліся ад абстрэлаў у былым ДК будаўнікоў, а потым у будынку райвыканкама.
Вольга загінула ў першых чыслах красавіка: яна, як сцвярджаюць відавочцы, «выбегла па цыгарэты», і яе забіла асколкамі недалёка ад 4-й бальніцы. Пахавалі жанчыну проста на тэрыторыі бальніцы.
Сваячка Артура, грамадзянскага мужа загінулай маці дзяцей, расказала «Важным гісторыям», што хлопчык Данііл застаўся з бабуляй, Караліна — з біялагічным бацькам, а Ганне прызначылі іншага апекуна.
Выданне «Важныя гісторыі» таксама адзначае, што як мінімум траіх іншых дзяцей, якіх вывелі на сцэну ў «Лужніках», возяць з шоу «дзядзькі Юры» разам з іх маці.





