Сярод 220 удзельнікаў першага паседжання Форума грамадзянскай супольнасці праграмы Еўразвяза «Усходняе партнёрства» 16‑17 лістапада ў Бруселі будуць 27 дэлегатаў ад беларускіх НДА.

Беларуская грамадзянская супольнасць будзе прадстаўлена на форуме грамадскімі аб’яднаннямі, прафсаюзамі, аб’яднаннямі працадаўцаў і аналітычнымі цэнтрамі, некамерцыйнымі фондамі. Аднак дакладны спіс арганізацый‑удзельнікаў форуму ад Беларусі невядомы. З прычыны таго, што еўракамісія адмаўляецца абнародаваць спіс удзельнікаў паседжання. Сярод беларускіх НДА знайшлося толькі 14 чалавек, хто на сёняшні дзень адкрыта заявіў, што быў запрошаны ў Брусель прэзентаваць грамадзянскую супольнасць Беларусі.

У Мінску 2 лістапада на паседжанні круглага стала «Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства: парадак дня для Беларусі» будучыя дэлегаты форуму ў Бруселі сустрэліся з іншымі прадстаўнікамі трэцяга сектара, каб выпрацаваць агульную пазіцыю, ды абмеркаваць праблемы беларускага грамадства.

Што атрымаецца, будзе вядома толькі пасля форуму, а пакуль што можна толькі працытаваць словы Яніса Айзсалніекса, аташэ Еўрапейскай камісіі ў РБ:

«Форум грамадзянскай супольнасці не будзе з’яўляцца цудоўнай магчымасцю вырашыць усе нашы праблемы розных рэгіёнаў Усходняга партнёрства. Аднак Форум будзе імкнуцца дапоўніць міждзяржаўныя перамовы поглядам з боку грамадзянскай супольнасці. Ён будзе імкнуцца развіваць дыялог унутры краінаў Усходняга партнёрства, падзяліцца вопытам еўрапейскага звязу, наладзіць кантакт грамадзянскай супольнасці не толькі з еўрапейскімі структурамі. Мы спадзяемся, што гэта шанец для грамадзянскай супольнасці дзейнічаць і добра рабіць сваю працу ў сваіх краінах.

ЕС распачаў амбітную працу. Мы жадаем, каб усе атрымалася. Мы нават ведаем, што будзе ў выніку форуму : чым вы яго напоўніце, тым яно і будзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?