Будынак Кастрычніцкага райвыканкама ў Віцебску. Фота: vitebsk.gov.by
У Віцебску ў райвыканкамах, паводле праваабаронцаў, стварылі адмысловыя групы з ідэалагічных работнікаў «у межах барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам».
Адна з такіх груп дзейнічае ў выканкаме Кастрычніцкага раёна, і пра візіт туды на ўмовах ананімнасці праваабаронцам расказаў адзін з асуджаных за падпіскі на так званыя «экстрэмісцкія інтэрнэт-рэсурсы».
Позву на гутарку яму пад подпіс уручыла паштальёнка. У позве былі пазначаныя дата і нумар кабінета, куды трэба было з'явіцца ў прызначаны час. Але давялося пачакаць і пад дзвярыма: у кабінет ужо стаяла невялікая чарга. У яго запрашалі па адным.
За дзвярыма тры жанчыны распытвалі кожнага, што здарылася, і ўшчувалі «за паводзіны». Тлумачылі, што пакаранне панесена заслужана і раілі надалей «не паўтараць памылак». У сярэднім гутарка працягвалася не больш за 15—20 хвілін.
З убачанага вынікала, што ў выканкамах ёсць спісы з пазначэннем месцаў жыхарства нядаўна асуджаных. У чарзе былі і тыя, хто адбыў «суткі», і аштрафаваныя за адміністрацыйныя правапарушэнні.
Паўнамоцтвы падобных ідэалагічных груп абмяжоўваюцца ўнутранымі распаражэннямі выканкама — органа, які іх стварыў. Адказнасць за ігнараванне падобных выклікаў нібыта і не прадугледжана. Тым не менш, віцябляне лічаць за лепшае не абвастраць сітуацыю, бо спісы «нядобранадзейных» відавочна паступаюць з міліцыі, а справаздача аб праведзеных гутарках, магчыма, таксама пойдзе ў гэтую ўстанову.
Чытайце таксама:
Што за кабінеты, дзе прапагандысты запісваюць інтэрв'ю з затрыманымі?
«Скаргаў няма, умовы адпавядаюць усім патрабаванням». Грамадская камісія наведала калонію ў Магілёве
«Будзьце гатовы, што вы пацерпіце фізічна». Як у Вілейцы міліцыя адахвочвае ад сходак «ПВК Родан»





