Вернік не павінен унікаць грамадскага жыцця. Піша айцец Юры Барок.

Ці мае права хрысціянін — чалавек, які вырашыў будаваць сваё жыццё на прынцыпах і словах Хрыста — браць удзел у палітычным і сацыяльным жыцці? Гаворка ідзе пра сутыкненне двух вымярэнняў жыцця чалавека: вертыкальнага і гарызантальнага. Чалавеку каб зрэалізаваць сябе на сто адсоткаў тут і цяпер, выявіць закладзены ў ім патэнцыял, неабходна рухацца ў гэтых двух кірунках, будуючы сціслыя рэляцыі з Богам і сацыялізуючыся з іншым людзьмі, інтэгруючыся ў супольнасць, цікавячыся патрэбамі іншых.

Уважлівае чытанне Евангелля і глыбокая рэфлексія над мэсіджам Ісуса Хрыста пераконваюць, што

чалавеку, каб быць чалавекам на вобраз і падабенства Божае, трэба пазбавіцца абыякавасці і быць заангажаваным у праблемы тых, хто знаходзіцца побач.
Хрыстос кажа, што увесь закон і прарокі, уся гісторыя пошукаў праўды, дабрыні, свабоды, справядлівасці грунтуюцца на двух прыказаннях: любіць Бога і бліжняга.

Сапраўдная любоў да Бога не выключае сапрfўднай любові да чалавека. Наадварот, са словаў апостала Яна вынікае, што нельга любіць нябачнага Бога калі мы не любім нават тых, каго бачым. Гэта любоў да чалавека, каб быць вычарпальнай, мусіць закранаць кожную сферу жыцця. Любоў, да якой заклікае Пасланнік ад Бога, выяўляецца ў канкрэтных узаемарэляцыях між людзьмі, якія ўзнікаюць пры пабудове супольнага жыцця, пры развіцці грамадства.

Любіць нельга толькі словам.

Вера і любоў без учынкаў, без усталявання роўных правоў, гарантыі свабоды волявыяўлення, прыняцця агульнаабавязуючых законаў, застанецца мёртвай і пустой.

Любоў агартае ўсё і пранікае паўсюль. Любоў становіцца падмуркам і пачаткам усіх адносінаў і кожнай сферы. Любоў не можа быць фрагментарнай. Яна павінна быць сістэмнай.

На жаль, усталявалася меркаванне, што хрысціянам у сацыяльным вымярэнні дазваляецца займацца выключна дабрачыннай дзейнасцю, харытатыўнымі акцыямі. Структуры зла зацікаўленныя, каб хрысціяне прысвячалі сябе толькі змаганню з наступствамі граху і несправядлівасці, без спробаў ідэнтыфікацыі прычыны той ці іншай праблемы. Так, адзін з біскупаў Касцёла Лацінскай Амерыкі, кажа, што

калі ён раздае хлеб галодным, яго называюць святым, а калі пытаецца, чаму столькі людзей галадае, яму закідаюць, што Касцёл займаецца не сваімі справамі.

Каб змяніць у грамадстве сітуацыю да лепшага, неабходна зліквідаваць прычыну зла, што праз свае структуры паралізуе добрыя ініцыятывы.

Змагацца з наступствамі зла і несправядлівасці — недастакова.
Так, нямецкі тэолаг Дзітрых Банхофэр, які публічна асуджаў нацызм, за што і быў пазбаўлены жыцця ў 1940-я, сцвярджаў, што яго абавязак — не толькі клопат пра чалавека, збітага аўтамабілем, у якім шалёны кіроўца імчыць люднай вуліцай. Галоўная задача — не дазволіць шалёнаму чалавеку кіраваць машынай.

Прыклад дзейнасці Ісуса Хрыста тут больш чым яскравы. Хрыстос выпраўляе зло ў свеце спароджанае д’яблам. Ён лекуе хворых, уваскрашае памерлых, размнажае хлеб для галодных, але на крыжы, сваім фінальным актам Хрыстос знішчае галоўную прычыну трагічнага лёса чалавека — абсалютнае зло, д’ябла.

За кожнай з’явай у грамадскім, палітычным, эканамічным жыцці стаяць свае прычыны, свае структуры, свае законы — ёсць пэўны аўтар. Хрысціянская любоў і адказнасць праяўляюцца тады, калі самі хрысціяне, абапіраючыся на евангельскія прынцыпы, становяцца аўтарамі і суаўтарамі законаў, якія вызначаюць ход развіцця эканомікі, палітыкі, сацыяльнай сфэры і спрыяюць гарманічнаму развіццю грамадства.

Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, прынятая 7 снежня 1965 г. падчас другога Ватыканскага Сабора, цвердзіць, што Касцёл, як супольнасць вернікаў, павінен быць прысутным у жыцці грамадства. І не ў якасці пасіўнага назіральніка. Хрысціяне не мусяць хавацца перад абліччам выклікаў супольнага жыцця, але пільна вывучаць знакі сённяшняга дня, шукаць адказы на ўзніклыя пытанні.

У чацвертым раздзеле Канстытуцыі адзначана, што «адыходзяць ад праўды тыя, хто, ведуючы, што мы не маем тут трывалай дзяржавы, а шукаем будучай, думаюць, што ў сувязі з гэтым могуць занядбаць свае зямныя абавязкі, не зважаючы на тое, што згодна з верай яны абавязаны выконваць іх, паводле паклікання, якое дадзена кожнаму». Абавязак, які стаіць перад хрысціянамі з сфармаваным сумленнем, заключаецца ў «імкненні запісаць Божы закон у жыццё зямной дзяржавы».

Дзейнасць у сфэры гаспадаркі, культуры, палітыкі ўжо больш не з’яўляецца дадаткам да хрысціянскага жыцця ці факультатыўным заняткам. Гэта становіцца абавязкам і місіяй, якія Бог ускладае на чалавека.

Канстытуцыя закладае імператыў, каб усе хрысціяне адчувалі «сваё асаблівае і ўласцівае ім пакліканне ў палітычнай супольнасці, дзякуючы якому яны павінны даваць яскравы прыклад сумленнага выканання абавязкаў і служэння агульнаму дабру, паказваючы на справе, як можна пагадзіць уладу са свабодай, прыватную ініцыятыву з салідарнасцю ўсяго соцыюма, карыснае адзінства з плённай разнастайнасцю».

Дакумент пазначае, што трэба старанна клапаціцца пра «грамадзянскую і палітычную асвету, так пільна сёння патрэбную людзям, асабліва моладзі, каб усе грамадзяне маглі выконваць сваю задачу ў жыцці палітычнай супольнасці».

Падкрэсліваецца, што палітычная дзейнасць — не толькі складаная справа, але і «вельмі высакародная». І тыя, хто мае да яе здольнасць, «павінны падрыхтавацца да яе і старанна займацца ёй, не думаючы пра сваю матэрыяльную карысць». Праз канстытуцыю Касцёл запрашае выступаць «супраць дыктату як з боку аднаго чалавека, так і самаўладства ці неталерантнасці палітычнай партыі, дзейнічаючы мудра і беззаганна ў маральных адносінах, прысвячаючы агульнаму ў шчырасці і праўдзе, з любоўю і палітычнай адвагай».

Недаравальна, каб хрысціяне не цікавіліся светам, які яны атрымалі ў спадчыну ад Бога, каб адмовіліся ад права і абавязку на прыняццё законаў і нормаў, якія павіны вызначаць накірунак развіцця супольнага жыцця. Хрысціяне маюць пакліканне адказваць за свой лёс і за лёс сваіх бліжніх. Пакліканне «запісаць Божы закон у жыццё зямной дзяржавы». Гэта адказнае і складанае заданне, але гэта і ёсць сутнасць місіі быць хрысціянінам у свеце, у грамадстве.

* * *

Кс. Юры Барок

беларускі каталіцкі святар, некалькі гадоў супрацоўнічаў з Міжнароднай школай евангелізацыі (Рым, Італія), працаваў на місіях у Зімбабвэ, Індыі і шэрагу эўрапейскіх краін. Цяпер служыць у Глыбокім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0