Таццяна Лугіна. Скрын прэс-канферэнцыі
«Рынак Украіны, Еўрасаюза і нават той жа Амерыкі з Канадай былі для некаторых нашых прадпрыемстваў высокамаржынальнымі рынкамі», — сказала старшыня канцэрна Таццяна Лугіна на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Яна дадала, што ўкраінскі рынак быў самым высокамаржынальным з 52 краін, куды вяліся пастаўкі «Беллегпрама».
Найбольшыя складанасці ў пераарыентацыі паставак адчувалі «Аршанскі льнокамбінат», «Віцебскія дываны» і «Добрушскі фарфоравы завод». У іх экспарце пераважаў еўрапейскі кірунак.
Старшыня канцэрна адзначыла, што некаторыя прадпрыемствы ўсё яшчэ працягваюць пастаўкі прадукцыі ў Еўропу. Ёсць каналы паставак праз Турцыю.
«Многія працэсы па рэалізацыі прадукцыі пайшлі проста праз нашых турэцкіх калег», — сказала Лугіна.
У частцы імпарту складанасці ўзніклі з хімікатамі, фарбавальнікамі, апрацоўчымі рэчывамі. Большую частку прыйшлося замяніць.
«Нядрэнна сябе зарэкамендавала турэцкая хімічная прамысловасць у тэкстыльных вытворчасцях. Стрэліла індыйская прамысловасць», — сказала Лугіна.
Паводле яе слоў, канцэрн шукае ў Індыі не толькі хімічныя рэчывы, але і абсталяванне. Таксама спадзяюцца на расійскія кампаніі. Частку валокнаў сталі закупляць у Расіі.
У 2023 годзе канцэрн плануе забяспечыць экспарт у 2 млрд даляраў.
Па словах кіраўніцы «Беллегпрама», сёлета аб'ём вытворчасці вырас на 10% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, экспарт павялічыўся на 27%. Рэнтабельнасць продажаў у цэлым па канцэрне склала 12%.





