«Расія вядзе цяжкую барацьбу за сваю будучыню», — сказаў Пуцін.

Ён заклікаў усіх згуртавацца: «Гэта бітва, калі вырашаецца лёс нашага народа, патрабуе адзінства ўсіх нашых сіл».

Пуцін параўнаў гэты выступ з падзеямі 1917 года. «Піхаюць краіну да анархіі і капітуляцыі», — сказаў ён.

Мяцеж Прыгожына Пуцін назваў «адступніцтвам», «ударам у спіну», «здрадай».

«Непамерныя амбіцыі і асабістыя інтарэсы прывялі да здрады», — заявіў прэзідэнт Расіі.

Ён дадаў, што дзеянні рэжыму ў адказ будуць жорсткія і што асобы, датычныя да мяцяжу, будуць пакараныя, бо «Узброеныя сілы і іншыя дзяржаўныя органы атрымалі загады».

«Сітуацыя ў Растове-на-Доне застаецца складанай», — сказаў Пуцін пра Растоў, які захапілі вагнераўцы.

Ëн заклікаў «не рабіць фатальную, трагічную памылку. Зрабіць адзіны правільны выбар: спыніць удзел у злачынных дзеяннях».

«Пераадолеем любыя выпрабаванні, станем яшчэ мацнейшымі», — сказаў Пуцін у канцы звароту, які доўжыўся пяць хвілін.

Учора ўвечары, 23 чэрвеня, кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын серыяй сваіх пастоў у тэлеграме абвясціў пра пачатак адкрытага ваеннага супрацьстаяння з вайсковымі часцямі, вернымі расійскаму Мінаабароны.

24 чэрвеня вагнераўцы былі ў Растове. У 7 гадзін 30 хвілін раніцы Прыгожын паведаміў, што вагнераўцы захапілі штаб Паўднёвай вайсковай акругі і што расійскія самалёты працягваюць бамбіць украінцаў.

Таксама Прыгожын паведаміў, што цалкам кантралюе Растоў, заблакаваны ўсе вайсковыя аб’екты і захоплены аэрадром.

Публікаваліся кадры, дзе ён вядзе перамовы з намеснікам міністра абароны Юнус-Бекам Яўкуравым.

«Мы сюды прыехалі. Мы хочам атрымаць начальніка Генштаба і Шайгу. Пакуль іх няма, мы знаходзімся тут, блакуем горад Растоў і ідзём у Маскву», — кажа Прыгожын на відэа.

Падрабязней пра храналогію падзей чытайце тут:

Прыгожын у Растове. Што вядома на гэты момант пра «мяцеж Прыгожына»

Клас
10
Панылы сорам
3
Ха-ха
45
Ого
7
Сумна
0
Абуральна
8